26 траўня Аршанскі каледж медыцыны правёў дзень адкрытых дзвярэй для вучняў школы № 17. Дзеці трэніраваліся ў сімуляцыйнай лабараторыі, вучыліся накладаць павязкі, нехта з іх, магчыма, ужо захапіўся прафесіяй медыка і ў будучыні паступіць у каледж, каб пачаць вучыцца гэтай важнай і заўсёды актуальнай прафесіі.
Таксама дзяцей, як паведаміў тэлеграм-канал Аховы здароўя Віцебскай вобласці, завялі ў музей, расказаўшы пра гісторыю каледжу. А «вайскова-патрыятычны» клуб «Кацюша» правёў з вучнямі інтэрактыўную гульню.
Не выклікае сумневаў, што вучыць паводзіць сябе ў экстрымальнай сітуацыі, накладаць павязкі, аказваць першасную дапамогу пацярпеламу чалавеку — надзвычай важная і справа. Гэта неацэнныя па важнасці веды і навыкі.
Безумоўна, карысна, калі навучальная ўстанова, такая, як медыцынскі каледж Воршы, запрашае да сябе дзяцей і заахвочвае на вучобу ў сваіх сценах. Але ці варта праводзіць такія паралелі, як на гэтых здымках, што паранены — гэта абавязкова чалавек у вайсковай пілотцы (ці форме)? Асабліва на фоне вайны Расеі супраць Украіны. Пытанне, хутчэй, да бацькоў. Пакуль жа дзяржаўная прапаганда працягвае актыўна выкарыстоўваць маленькіх дзяцей у сваёй рыторыцы.