Каротка растлумачым перадгісторыю пытання, бо яна марудна цягнецца ўжо некалькі месяцаў і не ўсе памятаюць з чаго яна пачыналася. Некалькі месяцаў таму на Пуціна быў выпісаны ордар на арышт ад міжнароднага суда. Прычына - вываз украінскіх дзяцей на тэрыторыю Расеі дзе ім спрабавалі вучыць у духу "Рускага свету": Украіны няма, украінскай мовы не існуе і г.д. Фармальна гэта лічыцца элементам генацыду, што і дало падставу распачаць крымінальную справу міжнароднага ўзроўню.
Тады ж Народнае антыкрызіснае ўпраўленне задалося пытаннем: чаму пры гэтым не завялі справу на Лукашэнку, бо па іх звестках некаторыя дзеці вывозіліся праз тэрыторыю Беларусі фондам Талая за грошы Беларускалія. Павел Латушка не так даўно распавядаў, што яны сабралі падцверджаныя факты пра незаконны вываз як мінімум 12 дзяцей на тэрыторыю Беларусі з далейшым вывазам іх у Расею - насамрэч дзяцей вывозілася больш, але менавіта незаконны вываз даказаны ў 12 выпадках, усе 12 дзяцей былі сіротамі. Але ўдзел ўладаў (а не прыватнага фонда і камерцыйнай, хай сабе і дзяржаўнай, арганізацыі) НАУ ўсё аніяк даказаць не маглі. Дапамог сам Аляксей Талай.
Учора на сайце БелТА з'явілася вялікае інтэрв'ю Талая на гэтую тэму. І з інтэрв'ю стала вядома, што: "Хотя мы и общественники, в это непростое время я должен был посоветоваться с главой государства. Получив согласие и поддержку, мы стали прорабатывать возможность отдыха детей Донбасса в Беларуси". Па-сутнасці, Талай сам падцвердзіў непасрэдны ўдзел Лукашэнкі ў тым, што яны называюць "отдых", а міжнародны суд "дэпартацыяй" дзяцей.