У Воршы чарговая школа атрымала імя славутага чалавека. Размова пра камандзіра дывізіёна 462-га артылерыйскага палка 13-й арміі Заходняга фронту Барыса Львовіча Хігрына. Ягонае імя далі сярэдняй школе № 2 Воршы.
Перад цэнтральным уваходам у школу адбылася ўрачыстая цырымонія прысваення. А мы нагадаем чытачам, хто такі Барыс Хігрын.
Будучы герой ІІ Сусветнай вайны нарадзіўся ў Воршы ў 1909 годзе. Скончыў Маскоўскую артылерыйскую вучэльню (1933), у Чырвонай Арміі з 1931 года. Удзельнік далучэння Заходняй Беларусі да Савецкага Саюзу, так званага паходу ў Польшчу.
З 1941 года — на Заходнім фронце. Артылерыйскі дывізіён на чале з капітанам Хігрыным вызначыўся 5 ліпеня 1941 года каля г.п. Бялынічы Магілёўскай вобласці ў баі з танкавай групай праціўніка: прычыніў ёй значныя страты ў жывой сіле і баявой тэхніцы; асабіста Хігрын падбіў 4 танкі гітлераўцаў. Аднак разам з тым прыйшла і бяда — Хігрын загінуў у гэтым баі. На месцы гібелі Хігрына пастаўлена гармата з мемарыяльнай дошкай. Перапахаваны ў Бялынічах у брацкай магіле ў парку «Ліпавы гай».
У Воршы даўно была вуліца Хігрына. Цяпер школу, што месціцца ў тым самым раёне, назвалі ягоным імем. Таксама вуліца Хігрына ёсць у Бялынічах.