Ігнат Будзіловіч - паўстанец Каліноўскага - ўзначальваў Аршанскі паўстанцкі атрад. У вёсцы Пагосцішча якая знаходзіцца ў Лёзненскім раёне, адбыўся апошні бой яго атраду. Сам кіраўнік атраду быў расстраляны ў Оршы на тэрыторыі Езуіцкага калегіюма (тады вязніца), дакладнае месца пахавання знайсці сёння немагчыма. Адзіны помнік, звязаны з Ігнатам Будзіловічам, сёння знаходзіцца менавіта ў Пагосцішчы. Таму другі год запар аршанцы арганізоўваюць у Пагосцішчы памінальны вечар 28 жніўня - дзень растрэлу Будзіловіча.
На гэты раз у Пагосцішча прыехала і стваральніца помніка лёзненская краязнаўца Алена Іванаўна Грачышнікава. Менавіта яна 19 жніўня 2006 года разам з вучнямі школы, у якой тады выкладала, уласнымі рукамі паставіла помнік у гонар Будзіловіча і паўстанцаў яго атраду, загінулых у тым баі. Праўда, помнік давялося ставіць цэлых дзесяць год. Першая спроба паставіць помнік скончылася тым, што камяні, сабраныя школьнікамі пры дапамозе калгаса, былі кімсці расцягнутыя. Праз 10 год адбылася другая спроба паставіць помнік, але на гэты раз камяні не толькі не былі расцягнутыя, іх дапамагалі збіраць і мясцовыя жыхары. Мясцовы выканкам выдзеліў пляцоўку пад помнік на тым месцы, дзе была першая ў Лёзненскім раёне царква.
На мерапрыемстве ўдзельнікі ўсклалі кветкі да помніка, запалілі знічы, чыталі вершы, у выкананнні Уладзіслава Лепяшынскага было спета некалькі лірычных песняў.
На фота: стваральніца помніка ў Пагосцішчы Алена іванаўна Грачышнікава
На фота: фотаздымак з усталёўкі помніка
На фота: Алена Іванаўна Грачышнікава трымае ў руках варыянт эскізу помніка
На фота: Помнік пасля мерапрыемства
На відэа: Уладзіслаў Лепяшынскі "Калі мой сон"