Антон Пуціла застаецца ў Расеі, дзе гуляў і раней. У мінулым сезоне ён выступаў за "Волгу" з Ніжняга Ноўгараду і не здолеў дапамагчы ёй застацца ў найлепшым дывізіёне расейскіх клубаў. Пасля гэтага Антон расторгнуў працоўнае пагадненне з камандай і вельмі доўга заставаўся без клуба. У жніўні Пуціла апынуўся ў цэнтры кур'ёза з Беларускай федэрацыяй футбола. Тая на сваім сайце змясціла запрашэнне наведаць таварыскі матч зборнай Беларусі з Таджыкістанам і на афішы знаходзіўся партрэт Антона Пуцілы, гэта пры тым, што галоўны трэнер нацыянальнай каманды Георгій Кандрацьеў Пуцілу ў зборную на матч з таджыкамі не выклікаў.
І вось, паўабаронца атакуючага плану падпісаў кантракт з маскоўскім "Тарпеда". Знакаміты клуб папярэднія гады пачуваўся не вельмі добра і выступаў у ніжэйшых лігах расейскага футболу. Аднак у траўні аўтазаводцы здабылі пуцёўку ў вышэйшую лігу, якая ў Расеі мянуецца Прэм'ер-лігай. За "Тарпеда" гуляе яшчэ адзін беларус - брамнік Юрый Жаўноў з Добруша.