Аршанцы прыехалі ў госці да мясцовага "Спартака" ў рангу яўнага фаварыта сустрэчы. Але ў першыя паўгадзіны лік не быў адкрыты. Тым не менш, на 34-й хвіліне матчу Аляксандр Лужанкоў забіў свой 13-ты гол у чэмпіянаце - 0:1! Так скончыўся першы тайм. Але самы старт другой паловы "сіня-белыя" правялі няўдала, прапусціўшы мяч адразу пасля выхаду з раздзявальні, на 47-й хвіліне браму ўзяў Вараб'ёў. Далей аршанцы мелі некалькі шанцаў забіць, гэта не ўдавалася. На 63-й хвіліне нашы футбалісты зарабілі пенальці, які рэалізаваў абаронца Сяргей Анкіновіч. Перамога 2:1, і "Орша" з 52 баламі працягвае ўзначальваць табліцу.
Склад нашай каманды ў матчы быў такім: Гудзенка, Анкіновіч, Тарасенка, Данілкоў (к), Магаль, Кітаёў (Рымаровіч, 77), Піваровіч, Малафееў, Суздальцаў (Асіпенка, 87), Чавідаеў, Лужанкоў (Раманаў, 92+).
У гэтым жа туры асноўны пераследчык аршанцаў "Жлобін" разграміў "Прыазёр'е" з Верхнядзвінску 9:0 і мае на 2 пункты менш.