Аршанцы ўзялі пераканаўчы рэванш у супернікаў з Рагачова, з якімі ў гасцях згулялі ўсяго толькі ўнічыю 1:1. На гэты раз наша каманда паказала рашучасць і набрала чарговыя 3 пункты. Ужо на 9-й хвіліне матчу футбаліст рагачоўцаў выпадкова накіраваў мяч ва ўласную браму - 1:0 на карысць "Оршы"! Пару магчымасцяў вызначыцца пасля няўдачы мелі госці, аршанцы таксама "напіралі". На 27-й хвіліне Мікалай Кітаёў паспяхова скончыў камбінацыю партнёраў - 2:0. Аднак затым пайшло супакаенне, аршанцы падумалі, што перамога ў матчы ўжо нікуды не падзенецца. За гэта і прыйшла расплата. Неяк занадта лёгка "сіня-белыя" дазволілі гасцям панаваць на сваёй палове поля, і на 36-й хвіліне форварду "Дняпр" ніхто не перашкодзіў спачатку апрацаваць мяч проста ў штрафной, а затым прыцэльна прабіць з развароту - 2:1. Дзіва, але і пяць наступных хвілін ініцыятывай валодалі рагачоўцы. Аршанцы былі нібыта агаломшаныя прапушчаным мячом. Але сабралі волю і паказалі, што клас "Оршы" значна вышэйшы за супернікаў. Яшчэ за хвіліну да перапынку Мікалай Кітаёў аформіў дубль упэўненым ударам у сетку - 3:1.
З самага старту другой паловы сустрэчы аршанцы прыціснулі супернікаў да іх брамы і лагічна павялічылі перавагу. На 51-й хвіліне адзначыўся Аляксандр Лужанкоў, які быццам не заўважыў вакол сябе прысутнасці абаронцаў і паслаў мяч у браму - 4:1. Гэты лік стаў канчатковым. Галоўнага трэнера рагачоўцаў выдалілі з лаўкі запасных яшчэ ў першым тайме, а ў другім яго на трыбуне давялося супакойваць міліцыі.
Галоўны пераследнік "Оршы" - "Жлобін", з якім у апошнім туры 21 верасня і давядзецца згуляць нашай камандзе, перамог "Віцебск-2" 2:0. Такім чынам, перад заключным турам папярэдняга этапу "Орша" мае 55 пунктаў, а "Жлобін" 53.