12 чэрвеня 1934 года адбылася адметная падзея ў гісторыі беларускага спорту, ды і ў цэлым Беларусі. У Менску адкрылі стадыён «Дынама». Непасрэдны ўдзел як у пабудове стадыёна, так і ў першай гульні на ім, прынялі аршанцы.
Як піша старонка «Радыё Аршыца», блог пра аршанскі спорт, на футбольнае свята ў сталіцу савецкай Беларусі яшчэ трэба было прабіцца.
«Першым турнірам на „Дынама“ стала першынство Белсавету фізкультурна-спартовага таварыства „Дынама“, і ў ім удзельнічалі дынамаўцы Воршы. Перад гэтым аршанскія „бела-блакітныя“ перамаглі ў абласным турніры. Па прыезьдзе ў Менск аршанцы паўдзельнічалі ў дынамаўскім парадзе, а затым быў сам ножны шпурляк. У першым паядынку рэспубліканскага турніру, 12 чэрвеня 1934 году, аршанскае „Дынама“ сустрэлася на новым стадыёне з гаспадарамі, менскім. Загнаць хаця б адзін гол аршанцам не ўдалося, і яны, хоць паказалі ўчэпістую гульню, саступілі 0:2. Вынікі астатніх паядынкаў гісторыя не захавала, але сам выхад аршанцаў у лік найлепшых у Белсавеце па сваім таварыстве быў вялікім посьпехам».
Аршанцы таксама прымалі ўдзел і ў самой пабудове стадыёну. Кожны сябар спартовага таварыства «Дынама» абавязваўся адпрацаваць на яго будоўлі 100 гадзін.