На сайце заўзятараў футбольнага клуба "Орша" з'явілася інтэрв'ю з Сяргеем Школам - нападнікам, які здабываў славу нашай футбольнай камандзе ў 90-я і пачатку 2000-х гг. Прадстаўляем яго вашай увазе.
Форвард "Оршы" Сяргей Школа гуляў за наш клуб у 90-х гадах. Мінула шмат гадоў, але заўзятары "Оршы" са стажам памятаюць светлавалосага ўкраінца. Памятаюць і свае гучныя выкрыкі радасьці: “Школа! Школа! Школа!” пасля кожнага ягонага голу. У Оршы нарадзіўся нават анекдот “ніколі да галоў Сяргея аршанцы так не любілі школу”. Пасля выступаў за "Оршу" нападнік вярнуўся ва Ўкраіну і сёньня жыве ў родным Запарожжы. Мы адшукалі знакамітага Школу і папрасілі куміра дзяцінства аб інтэрв'ю.
Сяргей Школа - ў сярэднім шэрагу крайні справа.Сяргей, калі вы прыйшлі ў футбол, як усё “закруцілася”?
Яшчэ ў дзяцінстве пайшоў у футбольную секцыю. Пасля 5-га класу здольных дзяцей забралі ў спецклас каманды “Металург”, туды трапіў і я. А праз некалькі год выйграў з запарожскім “Металургам” юнацкі чэмпіянат СССР.
А ў Беларусь як трапілі?
Прызвалі служыць у войска – у Гродзенскую вобласьць. А “вучэбка” была ў Сьцяпянцы пад Менскам. Калі далі вызваленьне ў Сьцяпянцы, я паехаў у Вусьце, увайшоў у склад каманды “Колас”, дзе тады гулялі многія аршанскія футбалісты. Затым год адслужыў, і СССР разваліўся. Перад мной узьнікла дылема: хочаш вяртайся ва Ўкраіну, хочаш заставайся ў Беларусі. Я вырашыў застацца ў Беларусі і паехаў у Оршу, у “Легмаш” (на пачатку 90-х гадоў наша каманда насіла менавіта такую назву – заўв. Аршыца ультрас). Да 95-га году гуляў там, а пасьля зьехаў ва Ўкраіну. Згуляў там за запарожскі "Віктор", а потым зноў вярнуўся.
Пазіцыя нападніка адразу была для вас профільнай?
Не, у дзяцінстве наогул абаронцам пачынаў. А потым — хочацца ж забіваць — гуляў пераважна пад форвардам і непасрэдна форвардам. Але часьцей за ўсё менавіта пад форвардам. Асноўнай задачай было раздаваць перадачы, але часта атрымоўвалася забіць самому.
У 2002 годзе вы перайшлі ў рагачоўскае “Дняпро”. Як апынуліся там?
У той год “Орша” ня ўдзельнічала ў рэспубліканскім чэмпіянаце, вось мы з Ігарам Асіпенкам і паехалі ў Рагачоў. А пасьля разам і вярнуліся ў “Оршу”. Дабягаць сваё. У мой апошні сезон каманда гуляла ўсяго толькі ў чэмпіянаце Віцебскай вобласьці.
Атрымліваецца, у роднай Украіне ў дарослай кар’еры вы амаль і не пагулялі?
Атрымліваецца, так. У 1996-м прыехаў у запарожскі “Металург”, падпісалі ўсе неабходныя паперы, а потым пачалося — мяне то туды адсылаюць, то сюды. Нейкія варыянты арэнды. Так што за “Металург” я не згуляў, і паехаў назад у Оршу. У мяне ўсё-ткі была тут сям’я, а ў Запарожжы прапаноўвалі паехаць то ў Севастопаль, то яшчэ куды. Вырашыў, што лепей быць бліжэй да сям’і.
У вас ёсць дзеці?
Так, сын. 9 гадоў.
Ён нейкім чынам зьвязаны з футболам?
Ільля вельмі любіць футбол, носіцца, вар’яцее ад яго, але мама ні за што не хоча аддаваць яго ў секцыю.
Сяргей, у вас ёсьць нейкі памятны матч за “Оршу”?
Іх некалькі. Але найбольш памятны адбыўся тады, калі адкрывалі Гарадскі стадыён. Дагэтуль мы гулялі на “Лакаматыве”, які на вакзале. І вось, на стадыёне, як кажуць у Оршы, “на Перамозе” (ад кінатэатру “Перамога") першая гульня: “Орша” супраць наваполацкага “Нафтана”. Прайгралі 1:2, а я забіў адзіны гол за “Оршу”. Атрымліваецца, першы гол на новым полі — на маім рахунку. У канцы таго матча меў яшчэ адзін бліскучы момант, але прабіў крыху высока. А так памятных многа. Калі гулялі ў адной лізе з гомельскім ЗЛіНам, я штогод забіваў яму ў хатніх матчах. Было вельмі класна: выходзіш на замену і на 90-й хвіліне забіваеш! Тады ЗЛіН трэніраваў Анатоль Чанцаў – таксама з Запарожжа. Ён доўга мяне клікаў да сябе ў Гомель, а калі я пагадзіўся, Чанцава зьнялі (на момант публікацыі інтэрв’ю Чанцаў – галоўны трэнер запарожскага “Металурга").
Ха!
Так, здараецца. А яшчэ сезон-1997 мы пачалі ўдарна. У першых пяці турах мелі толькі адну нічыю, астатнія былі перамогі. Ішлі ўпоравень з БАТЭ. Аднак затым пайшло-паехала. У выніку сталі толькі 14-мі.
Ці абміналі вас траўмы?
Пару разоў былі праблемы са зьвязкамі, але больш нічога.
І што, вас, як форварда, не моцна білі па нагах?
Ды не, білі, яшчэ як! Часам нават шчыткі ламаліся. Ногі пасьля матчаў часта былі ў гузаках. Але гузакі хутка загойваюцца, і праз некалькі дзён можна было спакойна бегаць без болю.
У “Оршы” тых часоў склаўся калектыў?
Так, безумоўна. Ды і на полі мы маглі любую каманду абгуляць, нават калі знаходзіліся ўнізе табліцы. Нам і грошы за здачу матчаў прапаноўвалі, бо ведалі, што нам часта не плацілі зусім. Мы адмаўляліся, а яны — раз так, то арбітраў “зараджалі”. Ой, такая тэма… Але наша каманда была даволі цікавай “бандай”, мы перамагалі нават прэтэндэнтаў на выхад у вышэйшую лігу. Напрыклад, у свой час “Лунінец” імкнуўся выйграць першую лігу і выйсьці ў “вышку”, а мы выходзілі на поле і перамагалі іх, хаця нашы турнірныя задачы былі куды больш сьціплымі.
З кім з партнёраў у вас склаліся самыя цёплыя стасункі?
З Алегам Жалезьнікавым. Я стаў ягоным кумам. Мы даўно сябравалі, і цяпер я прыязджаў у Оршу да свайго сына і да Алега ў госьці. А ўвогуле кампанія была досыць вясёлая, з намі і Валодзя Правалінскі быў, праўда, доўга не сядзеў — сям’я ж, і Ігар Асіпенка, і Ігар Івулін. Яшчэ ў Вусьці лёс зьвёў мяне з Аляксандрам Саўчанкавым. Тады Палыч ужо сканчваў гульнявую кар’еру, а я быў маладым. Не ўяўляеш, якім ён быў у “Коласе”! Такі жорсткі паўабаронца, што адабраць у яго мяч было папросту немагчыма, мяч як прыклеены да яго. Так проста і не падыдзеш! Праўда, і пра мяне ён казаў: “Сяргей, калі ты “на хаду”, то спыніць цябе немагчыма”.
У вас ёсьць у Оршы самае любімае месца?
Увесь горад. Прыехаў сёлета ў Оршу пасля пяцігадовай адсутнасьці. Прыгажосьць! Праўда, Дняпро здрабнеў, раней рака была больш паўнаводнай. Прыехаў у горад да сына, хаця былая жонка раней адпраўляла яго да мяне ў Запарожжа. Але сёлета не рызыкнула з-за вайны. Хаця ў самім Запарожжы ўсё спакойна, горад жыве так, як і жыў.
========================================================== Сяргей Аляксеевіч ШКОЛА. 15.02.1973 Нападнік. Выхаванца запарожскага футбола. 1992 (1-я ліга) "Колас" (Вусьце) 10 матчаў 1 гол; 1992/93 (1-я ліга) "Колас-Будаўнік" (Вусьце) 14 матчаў, 3 галы, "Легмаш" (Орша) 11 матчаў 1 гол; 1994/95 "Віктор" (Запарожжа) 3 матчы, 0 галоў; 1996(1-я ліга) "Максім-Легмаш" (Орша) 19 матчаў, 2 галы; 1997 (1-я ліга) "Орша" 25 матчаў, 2 галы; 1998 (1-я ліга) "Орша" 28 матчаў, 4 галы; 1999 (1-я ліга) "Орша" 28 матчаў, 6 галоў; 2000 (1-я ліга) 27 матчаў, 8 галоў; 2001 (1-я ліга) "Орша" 21 матч, 6 галоў, 2002 (1-я ліга) "Дняпро-ДзЮСШ-1" (Рагачоў) 14 матчаў, 1 гол.