Калядаў заўсёды чакаюць як пэўнага цуду. І хоць снег гэтым разам мы можам бачыць пераважна толькі на калядных паштоўках, а не на вуліцах Аршаншчыны, усё ж сэрца займае святочны настрой!
Для хрысціянаў сёння пачынаецца Юбілейны год хрысціянства. Як сказаў арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, кіраўнік Касьцёлу ў Беларусі, «Пан Бог даў нам сэрца, каб падзяліцца ім, як аплаткай у вігілію Божага Нараджэння. Ён хоча, каб ты быў сапраўдным бацькам, была сапраўднай маці, сынам, дачкою. Бог жадае, каб вы стварылі святую сям’ю, падтрымлівалі адно аднаго, каб кожны з нас быў чалавекам, на якога заўсёды можна разлічваць, якому заўсёды можна давяраць. Бо хрысціянін з’яўляецца сведкам гэтай маленькай Любові, якая нарадзілася ў яслях, таму мы павінны дзяліцца гэтай любоўю, каб іншыя, калі сустрэнуцца з намі, сказалі, што яны сустрэлі добрага і міласэрнага чалавека, сведку Хрыстовай любові згодна з выказваннем: „Пакуль нашы сэрцы сагрэты полымем Хрыстовай любові, тым, хто побач з намі, мароз не пагражае“».
Рэдакцыя Orsha.eu сардэчна віншуе ўсіх сваіх чытачоў з Калядамі, сымбалічна ўяўляючы, што дзеліцца з вамі аплаткай. Нашы навіны не заўсёды нясуць пазітыў — такая праўда жыцця. Але мы намагаемся сярод усіх цяжкасцяў адшукваць і прыемныя моманты, здарэнні. Зычым вам, каб вашая цеплыня ў сэрцы разлілася па ўсім целе, каб вы памяталі, дзеля чаго жывеце і дзяліліся любоўю са сваімі блізкімі.
Радасці вам і спакою!