Сёлета ў Талачыне зламыснікі тэлефанавалі патэнцыйным ахвярам, называючы сябе супрацоўнікамі Энэргазбыту. Яны патрабавалі назваць пашпартныя дадзеныя нібыта для пацверджання дамоваў на энергазабеспячэнне або дзеля афармлення замены лічыльнікаў. З'ява была настолькі масавай, што сапраўдныя работнікі арганізацыі нават папярэджвалі людзей праз раённую газету, што ніколі не патрабуюць назваць асабістыя дадзеныя ў тэлефонных размовах.
Гэтаксама на Талачыншчыне ад пачатку года актывізаваліся «прадстаўнікі» мабільных аператараў А1 або МТС. Іх мэтай было даведацца пашпартныя і іншыя дадзеныя, каб на звышдаверлівых асобаў аформіць банкаўскія крэдыты. Вядома прынамсі пра два выпадкі, калі дзве жыхаркі Талачынскага раёна былі ў паўкроку ад бяды. Так, вясковая пенсіянерка проста не здолела ўсталяваць прыкладанне на тэлефон, а калі ўрэшце зразумела, што гаворыць з махлярамі, то кінула слухаўку. Другая жанчына ўжо была зрабіла ўсё, што патрабавалася: паставіла на тэлефон прыкладанне, увяла свае дадзеныя, і ўжо мусіла атрымаць код, каб паведаміць яго зламыснікам. Але тут да яе прыйшлі госці. Яны і патлумачылі, што гаспадыня дома звязалася з махлярамі.