Каманды беларускай хакейнай Экстралігі дабраліся да паказніку ў 55 гульняў у рэгулярным першынстве. Аршанскі «Лакаматыў» напярэдадні правёў вельмі няпросты паядынак у Берасці.
«Берасце» — прамы канкурэнт аршанскіх чыгуначнікаў у барацьбе за месца на другім этапе першынства, калі восем найлепшых клубаў павядуць змаганне за медалі. І аршанцам удалося ў баруканні за перамогу здабыць яе ў дадатковым перыядзе.
Прычым першую шайбу ў сустрэчы закінулі толькі ў сярэдзіне другога перыяду — вызначыўся аршанец Баразна. Праз чатыры хвіліны Аксянцюк павялічыў разрыў. Але ў апошнія пяць хвілін сустрэчы берасцейцы адгулялі абедзьве шайбы. Нічыя 2:2 у асноўныя 60 хвілін.
У дадатковым перыядзе «Лакаматыў» апынуўся ў большасці праз выдаленне ў гаспадароў, і выкарыстаў колькасную перавагу. Дакладны стрэл Савельева на зыходзе 2-й дадатковай хвіліны прынёс «Лока» вікторыю 3:2.
Цяпер «Лакаматыў» займае 7-ю пазіцыю ў рэгулярным чэмпіянаце. Наступныя дзве сустрэчы сіня-аранжавыя правядуць дома ў Воршы з гарадзенскім «Нёманам», які напару з салігорскім «Шахцёрам» узначальвае табліцу.