Пра чарговыя планы на гэту тэму стала вядома на гэтым тыдні 19 сакавіка падчас пашыранай калегіі міністэрства транспарту і дарожнай гаспадаркі Смаленскай вобласці. "Пытанне прапрацоўваецца", як любяць выказвацца чыноўнікі. Цяпер на ўзроўні Саюзнай дзяржавы.
Бесперасадачных цягнікоў мясцовыя жыхары чакаюць ужо некалькі гадоў. І слухаюць абяцанні. Губернатар Смаленскай вобласці Васіль Анохін адзначаў, што прамыя зносіны па чыгунцы паміж Смаленскам, Оршай і Віцебскам, вельмі запатрабаваныя.
З 1 жніўня 2024 года РЧ і БЧ арганізавалі прыгранічныя прыгарадныя зносіны паміж Смаленскам і станцыямі Заольша і Асінаўка. Але для паездкі са Смаленска ў Оршу пасажырам даводзіцца перасаджвацца, што робіць падарожжа некамфортным.
У чым праблема выправіць сітуацыю? У фінансаванні, вядома. Расія датуе прыгарадныя маршруты да мяжы, але не можа рабіць тое ж на тэрыторыі Беларусі.
Праблему трэба вырашаць. Усе бакі згодны, але да канкрэтных тэрмінаў справа так і не дайшла. Не ведаем як вам, а нам гэтая гісторыя нагадвае ідэю запусціць паміж Смаленскам і Оршай па Дняпры пасажырскія судны. Таксама было шмат размоў, разваг і, канечне, абяцанняў.