19 сакавіка на сайце дзяржзакупак з’явіўся «пералік пажаданняў» ад мясцовых уладаў, і некаторыя пункты ў ім вельмі красамоўныя.
Найбольш уражвае самы першы: «Фигура гипсовая состаренная». Такі сувенір райвыканкам гатовы набыць за 103 руб. 77 кап. Другім пунктам ідзе «Плед», няйнакш вытворчасці льнокамбіната, бо ўказаная катэгорыя — «Белье туалетное и кухонное льняное». Каштуе ён 154 руб. 66 кап. Яшчэ ў спісе 4 каробкі цукерак за 49 руб. 92 кап. і 15 экзэмпляраў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь за 171 руб. 19 кап.
Пералік розных аплат, кшталту выдаткаў на электраэнергію і водазабеспячэнне можна прапусціць, а вось аплата некаторых паслуг выклікае цікаўнасць. Да прыкладу, такая: «Охранные услуги (кабинет председателя)» — 2 249 руб. 37 кап. Або «Охранные услуги по приему сигналов тревоги систем тревожной сигнализации и реагированию на эти сигналы (кабинет 78 + флаг)» — 11 444 руб.76 кап.
У параўнанні з гэткімі вялікімі сумамі выдаткі на канцылярскія вырабы — паперу, ручкі, граматы, дыпломы і г.д. выглядаюць зусім нязначнымі. І офісны фатэль Дубровенскі райвыканкам хоча набыць нашмат таннейшы ( 432 руб.48 кап.) у параўнанні з калегамі: як мы пісалі раней, Сенненскі райвыканкам купляў такі від мэблі за 700 руб.
Яшчэ ў пераліку дубровенскіх чыноўнікаў шмат прыкметаў таго, што набліжаюцца майскія святы. Што «святочнага» плануецца набыць? «Бутоньерки «Цветы» (30 шт.) за 172 руб. 50 кап. , а таксама матэрыялы для вырабу чагосьці падобнага: «Ткань подкладочная зеленая, красная» за 553 руб.64 кап. і «Нитки армированные красные / зеленые» за 40 руб.61 кап. Ёсць пункт «Звуковое сопровождение мероприятия» — 1 086 руб.25 кап., яшчэ 334 руб.59 кап. аддадуць за жывыя кветкі (39 шт.) і 1 362 руб. — за 300 віншавальных паштовак.
Пры гэтым уласных сродкаў будзе выдаткавана 00 руб. 00 кап. — усё набываецца за бюджэтныя і пазабюджэтныя сродкі.