Ужо 29 сакавіка «Ворша» стартуе ў новым сезоне І лігі. Перад ім настаўнік аршанцаў Мікалай Кітаёў пагутарыў з «Беларускім мінорам» аб мінулым і будучыні для калектыву.
— У «Воршы» былі цяжкасці з атрыманнем ліцэнзіі. З чым менавіта сутыкнулася «Ворша»?
— Хутчэй за ўсё, уся справа ў адсутнасці майго памочніка. На гэты момант я ў пошуках.
— Ці слушна разумеем, што шукаеце памочніка галоўнага трэнера? З якіх прычынаў Вячаслаў Герашчанка пакінуў трэнерскі штаб «Воршы»?
— Слушна! Вячаславу Леанідавічу паступіла прапанова ўзначаліць дублёраў менскага «Дынама», якую ён прыняў.
— Нядаўна вы як раз сустракаліся з дублёрамі «Дынама», якіх узначальвае Герашчанка. Перакідваліся словамі пасля ўдалага для «Воршы» матчу? Магчыма, ёсць пэўныя дамоўленасці аб арэндзе маладых футбалістаў у «Воршу»?
— Вядома, мы размаўлялі з Вячаславам Леанідавічам, я як трэнер-пачатковец часта звяртаюся да яго па дапамогу, як да добрага адмыслоўца і чалавека. І некалькі футбалістаў мы будзем браць у арэнду ў менскага «Дынама».
— Як праходзіць міжсезонне футбаліста «Воршы»? Якія ўмовы для падрыхтоўкі да сезону створаны ў гэтым горадзе?
— Для падрыхтоўкі сёлета ў нас ёсць магчымасць трэнавацца на полі са штучным пакрыццём, без снегу ў гэтым годзе, трэнажорная зала, фітнес зала, лёгкаатлетычны манеж.
— Цяпер на праглядзе шмат футбалістаў, колькі яшчэ плануецца падпісанняў да пачатку чэмпіянату?
— У нас ужо амаль камплект, проста некаторыя гульцы яшчэ на стадыі падпісання кантракту, на гэта патрэбны час.
— У гэтае міжсезонне клубу ўдалося захаваць немалаважных футбалістаў. Аднак, многія хлопцы сышлі з каманды ў іншы клуб першай лігі. З чым звязаныя такія рашэнні?
— Усе футбалісты з мінулага сезону, з якімі я хацеў бы працаваць сёлета, засталіся. Скажу праўду, што такога згуртаванага калектыву я не помню за сваю футбольную кар’еру. Можа, гэта і паўплывала на іх рашэнне застацца ў клубе і працаваць разам, можа яшчэ нейкія чыннікі, трэнер, напрыклад (смяецца).
— Ходзяць чуткі, што Раман Грыбоўскі знаходзіцца ў размяшчэнні вашага клуба. Наколькі гэта праўда?
— Чуткі! У размяшчэнні нашай каманды яго ўжо няма.
— Калі ў цэлым браць міжсезон, ці вы задаволеныя камплектаваннем каманды і гульнёй у таварыскіх матчах?
— У цэлым, задаволены! Пакуль усё ідзе як запланавана.
— Прэс-служба «Воршы» вылучаецца сярод многіх іншых клубаў Беларусі тым, што не хавае прозвішчаў хлопцаў на праглядзе. У шматлікіх клубах просьба хаваць прозвішчы ідзе ад галоўнага трэнера і кіраўніцтва. А вы акцэнтуеце на гэтым увагу?
— Гэта асабіста мая ініцыятыва з гэтай нагоды!
— Каго вы бачыце фаварытамі новага сезону Першай і Вышняй лігаў?
— Вышняя ліга — думаю, «Дынама Менск» галоўны фаварыт. А што да першай лігі, то тут, думаю, «Дняпро», «Белшына», «Паперапрам».
— З якімі футбалістамі не атрымалася дамовіцца аб пераходзе ў ваш клуб?
— Амаль усіх тых, каго я хацеў бы бачыць у нас у камандзе, у нас і засталіся, можа толькі Лавала не ўдалося вярнуць.
— У студзені ваш нападнік Дзмітры Тамела ездзіў на турнір за медыйную каманду «Інформ». Як паставіліся да такой падзеі?
— Толькі станоўча, чаму б і не?! Гэта добра, калі ў адпачынку гульцы працягваюць працаваць! Пагатоў, з усімі гульцамі кантракты па канчатку сезону мы не падаўжалі, і яны маглі вольна гуляць дзе жадаюць.
— Сітуацыя ў канцы чэмпіянату Першай лігі-2024. Вы былі заяўленыя на гульню з АБФФ брамнікам, у мінулым матчы вы ўвогуле выйшлі на 9 хвілін. З чым гэта звязана? З недахопам футбалістаў ці з жаданнем выйсці на поле і паказаць, як трэба гуляць?
— Вядома ж, гэта недахоп футбалістаў, у першую чаргу. Шмат траўмаў і недарэчных дыскваліфікацый. Па-другое, так, яшчэ было жаданне выйсці і паказаць, прынамсі з якімі жаданнем і азартам трэба гуляць у футбол!
— Якія ёсць кандыдаты на памочніка галоўнага трэнера «Воршы»?
— Ёсць адзін кандыдат, але гэта пакуль вусныя дамоўленасці. Таму, пошукі памочніка працягваюцца.
— Хто будзе ў гэтым сезоне капітанам?
— Капітан застаўся з мінулага сезону! Таму выбару капітану ў гэтым сезоне, думаю, не будзе!
— Ці збіраецца «Ворша» ладзіць сустрэчу з заўзятарамі?
— У планах такой сустрэчы няма, скажу больш — ніколі такіх сустрэч, на жаль, не было.
— Чаму не ўдалося вярнуць Лавала?
— Мы не можам канкураваць з іншымі клубамі ў заробках, пагатоў з клубамі Вышняй лігі! Цяпер нават некваліфікаваныя гульцы хочуць атрымліваць добры заробак.