Цікавы паварот у даследаванні традыцый беларускага браварства звязаны з апублікаванымі запісамі ад 1807 года з падарожных нататкаў «Запіскі аб Расеі» дзяржаўнага Кантралёра Расейскай Імперыі барона Балтазара Кампенгаўзена.
У адным з апісанняў згадваецца мястэчка Дуброўна, якое размешчана ўсяго за 20 кіламетраў ад Воршы, дзе барон Кампенгаўзен занатаваў, што
«…з зёлкі цвінтарэй у Дуброўне вараць піва, якое падобна на портар…»
Таксама барон адзначае, што гэтую зёлку мясцовыя жыхары Дуброўны называлі «Zindelika». Цікава, што з турэцкай мовы «Zindelik» перакладаецца на нашу мову як «бадзёрасць», а ў шматлікіх этнаграфічных запісах дзе згадваецца цвінтарэй, яна апісваецца не толькі як лекавая зёлка дзеля сэрдца, але і як элексір бадзёрасці ды лекавага сродка ад усіх хвароб, адзначае ў сваім даследаванні півавар Станіслаў Прыдыбайла.
Дарэчы, у сваіх нататках барон Кампенгаўзен ідэнтыфікаваў цвінтарэй (ці «Zindelika») як «Centaurium erythraea» — расліну, якая ў браварстве таксама служыла простым аналагам хмелю.
Падобна таму, як у вершы Уладзіміра Караткевіча згадваецца народная назва кісліцы «заечая капуста», цвінтарэй, як і вязель з канюшынай, нярэдка называюць «заячым хмелем».
Улічваючы тое, што сам Уладзімір Караткевіч родам з Воршы, а згаданая Кампенгаўзенам звестка паходзіць з суседняй Дуброўны, узнікае інтрыгуючая гіпотэза: верш пра зайца-півавара можа мець глыбокія карані ў народнай традыцыі, што захаваліся ў мясцовых паданнях ды піўных рэцэптах рэгіёну. Напрыклад, як гэтае портарападобнае «заячае піва» з цвінтарэем, якое варылі на Аршаншчыне і пра якое, магчыма, чуў або нават спрабаваў і сам Уладзімір Караткевіч.
У беларускім кантэксце гэты кампанент набыў дадатковы культурны сэнс. Факты, зафіксаваныя ў запісах барона Кампенгаўзена, у спалучэнні з паэтычнымі матывамі Уладзіміра Караткевіча ствараюць унікальную мазаіку народнай браварскай беларускай спадчыны. Здаецца, што традыцыя выкарыстання «заячага хмелю» не была проста казкай, а адлюстроўвала рэальныя браварныя практыкі, пераасэнсаваныя народнай міфалогіяй.
Англійскі гісторык і падарожнік Уільям Кокс (William Coxe, 1748–1828) двойчы праязджаў праз тэрыторыю Вялікага Княства Літоўскага. У сваёй кнізе Travels into Poland, Russia, Sweden and Denmark (Лондан, 1784) ён адзначыў наступнае:
…Ляды, што знаходзяцца ў Смаленскай губерні і да нядаўняга падзелу былі адным з рускіх памежных гарадкоў. Мы спыніліся ў паштовай карчме, дзе нам далі вельмі зручнае жытло…
…Мы былі надзвычай узрадаваныя знайсці ў такім аддаленым краі англійскае моцнае піва…
Ляды знаходзяцца на тым самым старым шляху на Смаленск, што і Дуброўна. Менавіта там барона Кампенгаўзена таксама пачаставалі півам, падобным да портару, пра што ён згадваў у сваіх падарожных нататках, апублікаваных у 1807 годзе.
Аднак, калі ўважліва прачытаць далей працу Кокса, у апісанні банкету ў Маскве бачна, што ён выразна адрознівае паняцці «англійскае моцнае піва» і «портар»:
…Самыя простыя і самыя вытанчаныя стравы дастаўлялі з усіх куткоў імперыі: я не раз бачыў адначасова стерлядзь з Волгі, цяляціну з Архангельска, бараніну з Астрахані, ялавічыну з Украіны і фазаноў з Венгрыі і Багеміі. Іх звычайныя віны — галоўным чынам кларэт, бургундскае і шампанскае, — а англійскае моцнае піва і портар я ніколі не спрабаваў у большай паўнаце смаку і ў большай колькасці…
Гэта можа сведчыць пра тое, што барон Кампенгаўзен мог памылкова прыняць моцнае цёмнае піва за портар.
Пад «англійскім моцным півам» Кокс, найхутчэй за ўсё, меў на ўвазе папулярны ў Англіі XVIII стагоддзя слэнгавы тэрмін для моцнага эля — Stingo, які лічыцца прабацькам стылю барлівайн (Barley wine).
І калі гэта так, то ў Дуброўне барона Кампенгаўзена маглі пачаставаць не портарам, а барлівайнам, зварыным з цвінтарэем (заячы хмель).