Аршанку аштрафавалі за распаўсюд улётак пра "Народны рэферэндум", абвінаваціўшы ў парушэнні заканадаўства аб СМІ. Міністэрства інфармацыі пацвердзіла, што ўлёткі да СМІ не адносяцца, але абласны суд не прыняў гэта да ўвагі.
У Віцебскім абласным судзе адбыўся разгляд скаргі жыхаркі Оршы, якую 12 жніўня затрымалі падчас распаўсюду ўлётак па паштовых скрынях. Пасля затрымання спадарыню адпусцілі без складання пратаколу, але праз тыдзень, 20 жніўня, пратакол пра правапарушэнне ўсё ж быў складзены намеснікам начальніка аддзелу аховы і прафілактыкі правапарадку Сяргеем Бязлюдавым. Ён кваліфікаваў дзеянні жанчыны паводле артыкула 22.9 КаАП – як парушэнне заканадаўства аб СМІ.
11 верасня ў аршанскім судзе адбыўся разгляд адміністрацыйнай справы. Суддзя Алеся Дранькова пагадзілася з высновамі супрацоўніка міліцыі і пастанавіла аштрафаваць спадарыню. Такім чынам, "за парушэнне заканадаўства аб СМІ" распаўсюдніца ўлётак атрымала штраф памерам 40 базавых велічынь.
"Гэта блізка да "верхняе планкі", бо па артыкуле 22.9 прадугледжаны штраф ад 20 да 50 базавых велічынь, - падкрэслівае аршанскі актывіст кампаніі "Гавары праўду" Алесь Шутаў. – Убачыўшы такое, мы вырашылі звярнуцца ў Міністэрства інфармацыі. Бо ўлёткі – гэта ніяк ні СМІ, і пакаранне, ды такое жорсткае, выглядае беспадстаўным".
У адказ на запыт аршанскіх актывістаў з Міністэрства інфармацыі прыйшоў ліст, падпісаны намеснікам міністра Уладзімірам Матусевічам. У лісце было сказана, што "згодна ГОСТу 7.60-2005 "Выданні. Асноўныя віды.Тэрміны і вызначэнні" і тэхнічных умоваў BY 100083317.002-2007 дасланая вамі друкаваная прадукцыя з'яўляецца неперыядычным выданнем і, адпаведна, не з'яўляецца сродкам масавай інфармацыі".
Ліст з Міністэрства інфармацыі аршанка ўзяла з сабой на разгляд скаргі ў Віцебскім абласным судзе. Па яе хадайніцтве суддзя абласнога суду Святлана Іванова далучыла гэты ліст да судовай справы, аднак на вынік ён не паўплываў.
"Суддзя аблсуду не адмяніла рашэння суду першай інстанцыі, нягледзячы на тлумачэнні намесніка міністра інфармацыі пра тое, што ўлёткі – гэта не СМІ, і адпаведна, распаўсюд ўлётак нельга лічыць парушэннем заканадаўства аб СМІ," - распавёў прысутны на разглядзе Алесь Шутаў.
Актывіст лічыць, што высновы суддзі абласнога суду трэба аспрэчваць у скарзе да старшыні Віцебскага абласнога суду.
Паводле ПЦ "Вясна"