На вялікі жаль, футбольны клуб "Орша" згуляў унічыю з "Кобрынам" у гасцявой сустрэчы. З гульні можна зрабіць выснову, што "сіня-белыя" не выкарысталі свой патэнцыял. Пачатак гульні застаўся за мясцовым клубам, ужо на 6-й хвіліне кобрынскі нападнік выйшаў сам-насам з галкіперам "Оршы", але Яўген Гудзенка парыраваў удар. Гульня праходзіла з невялікай перавагай гаспадароў, аршанцы адказвалі небяспечнымі атакамі. На 25-й хвіліне "Кобрын" мог адкрываць лік, аднак мяч прайшоў міма брамы. А вось "Орша" неўзабаве забіла гол. Дзмітрый Суздальцаў адкрыў лік пасля таго, як мяч замітусіўся ў штрафной - 0:1!
У другой палове "Кобрын" мог адразу ж зраўняць вынік на табло, аднак нагнятанне небяспекі не прывяло да поспеху. Андрэй Ламака адказаў моцным ударам, але мяч пайшоў міма створу брамы кобрынскай каманды. Праз некалькі хвілінаў Ламака паўторна пагражаў браме супернікаў, але на гэты раз удар аршанца ўзяў брамнік "Кобрына". У мясцовай каманды таксама ўзнікла пару шанцаў.
Паверыўшы, што нічога не скалыне поспеху, "Орша" адышла да сваёй брамы і стала гуляць дастаткова інэртна. За гэта і прыйшла расплата. На 81-й хвіліне "Кобрын" забіў мяч у адказ - 1:1. У канцы сустрэчы забіць маглі як кобрынцы, так і аршанцы, але рашаючы ўдар нікому нанесці не ўдалося. Нічыя як справядлівы вынік матчу. "Орша" не перамагае суперніка, які быў літаральна растаптаны некалькі тыдняў таму на нашым стадыёне з лікам 5:1.
Астатнія вынікі:
Жлобін - Крумкачы - 1:1
Ждановічы - Беліта-Вітэкс - 0:5
Баранавічы - Прамень - 2:1