Сёлета "Орша" доўга заставалася адзіным (!) клубам ва ўсіх трох лігах чэмпіянату Беларусі, які не цярпеў паразаў. Аднак серыя скончылася тыдзень таму ў Менску ў паядынку з "Крумкачамі" (0:1). "Орша" не прайгравала ў адным чэмпіянаце 25 матчаў запар! На жаль, устаяў рэкорд 2-й лігі, усталяваны яшчэ ў 1996 годзе цяперашнім чэмпіёнам Беларусі барысаўскім БАТЭ. Тады барысаўчане не саступалі нікому ў 27 матчах запар.
Аднаго матчу аршанцам не хапіла да дасягнення менскага "Тарпеда"-СКА (у цяперашні час каманда называецца проста "Тарпеда") ў 2005 годзе.
Калі ж браць толькі дасягненні "Оршы", то 25 матчаў аднаго чэмпіянату без паразаў - клубны рэкорд! Ранейшы рэкорд "сіня-белых" у 2-й лізе быў усталяваны ў 2004 годзе, калі наш родны клуб не прайграваў 10 гульняў запар. У 1995 наш клуб, які тады называўся "Максім-Орша", не саступаў у 7 матчах запар.