Лічбы тычацца перыяду трох прайшоўшых кварталаў са студзеня па верасень гэтага году. Большасць асноўных паказчыкаў статыстыкі не пазітыўныя. Напрыклад, зменьшыўся аб'ём прамысловай вытворчасці да 98,5% у параўнанні з такім жа перыядам мінулага году. Хаця вытворчасць трохі знізілася, складскія запасы наадварот трохі выраслі. Зараз на складах ляжыць 103,4% ад таго што ў нашым рэгіёне вырабляецца за месяц.
Трохі больш пазітыўная статыстыка па сельскай гаспадарцы - тут за тры квартал адбыўся некаторы рост вытворчасці 104,1% у параўнанні з адпаведным перыядам мінулага года. Такі рост адбыўся перш за ўсё за кошт добрага ўраджаю зерня. У гэтым годзе яго сабралі амаль на 50% болей чым у мінулым. Па-другое, рост адбыўся за кошт павелічэння вытворчасці яек - больш чым на 9 мільёнаў штук. Усе астатнія паказчыкі альбо амаль не розняцца або пайшлі ўніз. Пагалоўе свіней зменьшылася больш чым на 25 тысяч, рэалізацыя птушкі і жывёлы на ўбой амаль на 1.000 тон, таксама прыблізна на 1.000 тон зменьшылася вытворчасць малака.
Зменьшыўся рэальны заробак да 99% у параўнанні з мінулым годам. Ледзь не ў 3 разы зменьшыўся чысты прыбытак па раёне. на 1,1% зменьшылася рэнтабельнасць продажаў (7,5 у параўнанні з 8,6). Затое вырасла вага стратных прадпрыемстваў (15% у параўнанні з мінулагоднім 9,3%).
Працягваюць значна расці запазычанасці. Па падатках, зборах і сацыяльным страхаванні запазычанасць вырасла больш чым у два разы. За паліўна-энэргетычныя рэсурсы амаль у 4 разы. Пратэрмінаваная запазычанасць па крэдытах вырасла амаль у 2,5 разы ў параўнанні з адпаведным перыядам мінулага году.