Супернікам аршанцаў была менская "Зорка-БДУ" - адзін з лідэраў бягучага сезону. Безумоўна, сталічны клуб прыязжаў у Оршу ў рангу фаварыта і разлічваў толькі на тры балы. Тым не менш, "сіня-белым" удалося навязаць барацьбу гасцям, цягам усёй гульні аршанцы дэманстравалі свой высокі настрой.
Нягледзячы на тое, што абедзве каманды сёлета забівалі нямала, шматлікіх момантаў для ўзяцця варотаў не было. Але аршанцы скарысталіся адной з магчымасцяў — на 36-й хвіліне Сяргей Чавідаеў прабіў брамніка армейцаў - 1:0! Усе намаганні падвоіць лік аказаліся марнымі, на шчасце, забіць не здолелі і менскія гульцы. Перамога аршанцаў 1:0.
Да заканчэння чэмпіянату Беларусі ў 2-й лізе застаецца адзін тур, але яго "Орша" прапускае з-за няцотнай колькасці клубаў у дывізіёне. У 24-х гульнях аршанцы 10 разоў перамаглі, 9 разоў саступілі, яшчэ 5 паядынкаў завяршыліся ўнічыю. 35 набраных пунктаў, і аршанцы пакуль на 5-м месцы ў табліцы. Але "Кобрын" і "Баранавічы" яшчэ могуць апярэдзіць наш клуб.