Фінальны этап сёлетняга сезону чэмпіянату Беларусі ў 2-й лізе паказаў, што пры новай схеме розыгрышу канкурэнцыя не спыняецца ніколі. У кожным туры "Орша" гуляе адказныя матчы.
У перадапошнім туры "сіня-белыя" адправіліся ў 9-тысячны горад Менскай вобласці Узда. Там выступае клуб "Беліта-Вітэкс". Для аршанцаў матч склаўся вельмі цяжка. Яны прапусцілі два галы на 47-й і 57-й хвілінах і адыгрываліся з ліку 0:2. Але ў апошнія двадцаць хвілінаў аршанцы пераламілі ход паядынку. Спачатку Андрэй Ламака, а затым Іван Магаль забілі па мячы. Лік стаў нічыйным 2:2, гульня так і скончылася. Адзначым, што "Беліта-Вітэкс" забіла два мячы з афсайду, якія не былі залічаныя.
Тым не менш, у канцы сезону "Орша" сур'ёзна пагоршыла свае вынікі. Гульня клуба ўжо не настолькі ўпэўненая, як была раней, чатыры сустрэчы запар аршанцы не святкуюць перамог, тройчы згуляўшы ўнічыю і адзін матч прайграўшы. Прайгралі "Крумкачам", з якімі і будуць гуляць 16 лістапада а 13:00 ў апошнім туры. Наш клуб задаволіць і нічыя, але спадзяемся, што наша каманда выйдзе на поле Гарадскога стадыёна з мэтай перамагчы і падараваць людзям радасць.
Астатнія вынікі:
Прамень - Крумкачы - 0:3
Кобрын - Ждановічы - 2:0
Баранавічы - Жлобін - 2:0
"Крумкачы" і "Баранавічы" датэрмінова, за тур да фінішу выйшлі ў 1-ю лігу.