Уладзіслаў Маяроўскі распавёў газеце "Прессбол", як ствараўся клуб, які за адзін год свайго існавання выйшаў з 2-й лігі ў 1-ю. Таксама гаспадар "Крумкачоў" зазначыў, што "бардова-чорныя" прыедуць у Оршу на апошні тур перамагаць, нягледзячы на тое, каму гэта будзе выгодна — "Оршы" ці "Беліце-Вітэкс" з Узды, якія змагаюцца за трэцюю пуцёўку ў 1-ю лігу. З ягоных словаў вынікае, што "Оршу" сапраўды чакае звышнапружаны матч.
Калі стваралася каманда, марылі аб першай лізе?
Стварэнне "Крумкачоў" - фантазія маіх сяброў Дзяніса Шунто і Васіля Глезава. Я толькі хацеў паглядзець, ці надоўга іх хопіць, а потым захапіўся і сам. Але галоўная ідэя складалася ў тым, каб зірнуць на беларускі футбол знутры, адчуць яго атмасферу, рытм, акунуцца ў яго кухню. Калі пайшлі першыя перамогі, разыграўся апетыт. Мы ж усе, па сутнасці, максімалісты. Тады і з'явілася высокая мэта.
Улетку пайшлі на рызыкоўны крок - перазагрузку складу.
Калі пралегла паласа з чатырох паражэнняў, зразумелі: трэба нешта мяняць. З каманды сышоў самы класны гулец - Шапятоўскі. Многія зняверыліся, пачалося закісанне. Увесну набіралі склад па рэкамендацыях сяброў і знаёмых. Стала ясна, што ён не зможа змагацца за высокія месцы. Узяўшы летам тузін новых гульцоў замест 14, якія пайшлі з клуба, мы крыху блефавалі. Аднак ростер узмацніўся: з'явіліся вопытныя хавы з высокай культурай пасу Міхнавец і Залеўскі, самі папрасіліся ў каманду Шыкаўка і Лінёў, якія сталі, мабыць, лепшымі вінгерамі лігі. Дадалі запалу і руху хлопцы з "Партызана". Да двара прыйшоўся здольны форвард Пухаў, надзейнасць тылу забяспечыў масціты галкіпер Макаўчык. Калі раней мы мянялі стомленых гульцоў, то цяпер праводзім замены для ўзмацнення гульні.
Мэта дасягнутая. Што далей?
Дзіўна, што мы, якія фактычна прыйшлі зніадкуль, з ходу пакінулі ззаду калектывы, якія прадстаўляюць буйныя гарады з развітой футбольнай інфраструктурай: Оршу, Маладзечна, Жлобін... Калі такое магчыма, напэўна, штосьці ў нашым футболе не так... На днях мы з Дзянісам пачнем вярстаць бюджэт будучага сезону, каб прадставіць яго магчымым новым партнёрам. А пакуль наперадзе гасцявы матч з "Оршай". Хочам выйграць незалежна ад таго, будзе гэта выгодна Оршы або Уздзе.