У апошнім туры чэмпіянату "сіня-белыя" прымуць менскіх "Крумкачоў", якія ў першы ж год свайго існавання здолелі трапіць у 1-ю лігу чэмпіянату краіны. Матч у першым коле фінальнага этапу скончыўся паразай "Оршы" 0:1 - гэта адзіны "пракол" нашага клуба ў бягучым чэмпіянаце.
Турнірная сітуацыя склалася так, што "Оршы" неабходна не прайграць, нават нічыя выводзіць аршанцаў у 1-ю лігу. Аднак, як казалі старажытныя мудрацы, мінімалістычныя мэты руйнуюць мару. Таму пажадаем "Оршы" толькі перамогі і спадзяёмся, што ў нядзелю, 16 лістапада Гарадскі стадыён Оршы стане месцам доўгачаканага трыумфу "сіня-белых". Старт гульні - 13:00. Дадамо таксама і крэатыўную афішу, зробленую фанатамі клуба на вырашальны матч усяго сезону, а таксама турнірную табліцу. Наш сайт правядзе анлайн-трансляцыю сустрэчы.