Выданне "ежедневик" скала спіс самых багатых і ўплывовых жыхароў краіны. Пад канец году гэты спіс з'яўляецца з разбіўкай па вабласцях і рэйтынгам персонаў. Па кожнай вобласці выданне ўводзіць у рэйтынг па 50 бізнэсмэнаў, якіх эксперты назвалі самымі-самымі.
У гэтым годзе ў рэйтынг ўвайшлі 6 бізнэсмэнаў Аршаншчыны. На першым месцы сярод аршанцаў, традыцыйна, ўладальнік гандлёвай сеткі Мяркам Мікалай Сінякоў. Апошнім часам Мяркам скарачае ўласныя гандлёвыя плошчы і здае крамы ў арэнду буйным раздробным сеткам, але істотна гэта на сітуацыю не паўплывала - Сінякоў працягвае заставацца самым багатым і ўплывовым бізнэсмэнам рэгіёну. У абласным рэйтынгу 66 гадовы прадпрымальнік заняў 23 месца.
На другой пазіцыі ў нашым рэгіёне і на 25 пазіцыі ў абласным рэйтынгу ўладальнік "Скіф" Рыгор Капылоў. Яго бізнэс абрастае філіяламі. Сёння філіялы тэлекампаніі "Скіф" ёсць у Полацку, Віцебску, Барысаве і Бабруйску. Развіваюцца і іншыя праэкты бізнэсмэна як тыя якія непасрэдна звязаныя з медыя, так і не маючыя дачынення да СМІ.
На 27 месцы ў вобласці пастаўлены экспертамі Уладзімір Паўлаў. Аснова яго бізнэсу - прадпрыемства "Каскад", якое працуе ў сферы будаўніцтва.
Адразу за ім, на 28 пазіцыі адзіны ў спісе прадстаўнік нашага раёну, а не гораду Валерый Авілаў. Цэнтар яго бізнэсу - група аўтатранспартных кампаніяў "Omega Truck". У Балбасава знаходзіцца ягоная вытворчая кампанія "Амега", якая працуе, ў тым ліку, на экспарт.
36 месца - Анатоль Стахоўскі, які валодае гандлёвымі цэнтрамі "Антэй", "Наталі" і рынкамі "Кентаўр" (каля лядовага палацу) ды "Усходні" (каля вакзалу).
Замыкае спіс аршанцаў якія патрапілі ў абласны рэйтынг багатых і ўплывовых Віктар Сяргееў. Ягоны бізнэс - транспарт, не малую славу гэтаму бізнэсмэну прыносіць і аматарскі баскетбольны клуб названы ў яго гонар - "Сяргееў В."
Сярод рэгіёнаў па колькасці рэйтынгавых бізнэсмэнаў Орша на трэцім месцы. Найбольш у рэйтынгу Віцебчанаў і жыхароў Полацка-Наваполацка. Ні з Талачынскага, ні з Дубровенскага раёну ў спіс багатых і ўплывовых не патрапіў ніхто.