Падведзены вынікі сезону-2013 у другой лізе беларускага футбола. Высветлілася, што футбольны клуб "Орша" не збіраецца здаваць сваіх пазіцый. Летась Орша заняла другое месца ў дывізіёне пасля Слоніма па колькасці заўзятараў на хатніх матчах.
На гэты раз наш горад зноў саступіў першынство больш дробнаму Кобрыну, затое абышоў усе астатнія гарады, прадстаўленыя ў 2-й лізе сваімі клубамі. За сезон хатнія матчы "Оршы" на Цэнтральным стадыёне наведалі 9250 чалавек, у Кобрыне 10600. Маладзечна, дзе гуляе мясцовы аднаіменны клуб за год сабрала 7500 гледачоў - трэцяе месца.
Такім чынам, у Кобрыне ў сярэднім на матчы прысутнічала 883 чалавекі, а ў Оршы 771. Гасцявыя матчы "Оршы" вялікай наведвальнасцю не адзначыліся - 3750 чалавек усяго альбо 313 чалавек у сярэднім на матчы. У суме за 24-ма гульнямі "Оршы" назірала 13000 чалавек, 542 гледачы ў сярэднім. Больш толькі ў менскага "Партызана" - 13150 і "Кобрына" - 14450.
Цікава, што ў параўнанні з больш высокай 1-й лігай у "Оршы" неблагі паказчык: сярэдняя колькасць заўзятараў на хатніх матчах "Оршы" большая, чым у 11 каманд таго дывізіёна!
Застаецца спадзявацца, што поспехі нашага клуба ў чэмпіянаце-2013 паспрыяюць павелічэнню колькасці заўзятараў на матчах у наступным годзе.