У канцэрце ўзялі ўдзел гаспадары "Pat Yankees" з Барані, а таксама аршанскія калектывы "Argos" і "When My Darling Will Die", віцебскія гурты "Кик-стартер", "Куклы мадам Манделип", "День благодарения".
Першымі выступалі музыкі гурта "Кик-стартер" і адразу ж "запалілі" публіку бадзёрым хард-рокам. Нядаўна яны выпусцілі альбом "Переворот", пару дыскаў было закінута ў залу па прынцыпе "хто злавіў, таго і дыск". Асаблівая падзяка фронтмэна гурта была кіраўніку клуба Аляксандру Мухіну, які абараніў свае правы ў абласным судзе, калі паскардзіўся на незаконнае затрыманне, пазбаўленне свабоды і ўтрыманне на трое сутак у Аршанскім псіхіятрычным дыспансеры. Суд прыняў бок рокера.
"Куклы мадам Манделип" адзначыліся парным жаночым вакалам і тэатралізаваным прадстаўленнем падчас песняў. Астатнія гурты падтрымалі высокі градус канцэрту, непрыемных інцыдэнтаў не адзначана. Таксама на канцэрце гурт "Pat Yankees" выканаў песню-прысвячэнне знакамітаму лідэру гурта "Nirvana" Курту Кабэйну, якому 20 лютага споўнілася б 48 гадоў.