Гісторыю беларускай бягухі прыводзіць газета "Прессбол" ў публікацыі: "Аліна Талай. Сысці, каб узляцець". Прапануем яе вашай увазе.
МЕДАЛІ
Яе кар'ера ў дарослым спорце спачатку складалася паспяхова. У сакавіку 2012-га, усяго за чатыры месяцы да Гульняў у Лондане, яна выйграла бронзу чэмпіянату свету ў залах. І ад яе сталі чакаць алімпійскага цуду, не разумеючы, што бег на 60 метраў з бар'ерамі і бар'ерная стометроўка - далёка не адно і тое ж. За паўтара месяца да Алімпіяды Талай яшчэ больш запэўніла ўсіх у сваіх пэрспэктывах: у Хельсінках прыбегла другой на перадалімпійскім чэмпіянаце кантынента, прычым на стометровай дыстанцыі. Пачатак у Лондане выдаўся шыкоўным: 12,71 - асабісты рэкорд ўжо ў забегу! Падумалася: ого, што ж будзе ў паўфінале?! Ён прайшоў на наступны дзень, і за гэтыя суткі Аліна зламалася. Верагодна, перагарэла: усяго 12,84, 13-е месца. Праз паўгода ў зале Гётэборга Талай суцешылася еўрапейскім срэбрам, саступіўшы, як і ў Хельсінкі, турчанцы Нэвін Яніт. Неўзабаве тая зарабіла двухгадовую дыскваліфікацыю, аднак медалі пераразмяркоўваць не сталі. Хітом сезона-2013 быў маскоўскі чэмпіянат свету, на якім Аліна зноў праляцела міма фіналу: 12,82 - 9-е месца. Ужо тады яна разумела: няўдачы на стометроўцы не выпадковыя - не стае хуткаснай вынослівасці. У залах, на 60 метрах, яна на роўных спаборнічае з суперзоркамі, а летам бяжыць з імі толькі дзве траціны бар'ернага шляху, а на заключным адрэзку яны выслізгваюць. Яны - гэта аўстралійка Салі Пірсан і шматлікія амерыканкі. Дон Харпер, Лола Джонс, Квін Харысан, Браяна Ролінз...
У ОРШЫ
Аліна - адзінае дзіця ў сям'і. Бацькі з дзяцінства бралі яе з сабой у веласіпедныя і пешыя прагулкі. Мама займалася валейболам, бацька гуляў у футбол, настольны тэніс, хадзіў у трэнажорную залу. На спаборніцтвах па чатырохбор'і таленавітую малую дзяўчынку прыкмеціў трэнер па лёгкай атлетыцы Аляксандр Сямёнавіч Гуцін. Трэніравацца ў яго было цікава: футбол, эстафеты, гульні! Адмысловай працай займаліся як бы паміж справай. У 14 гадоў Талай упершыню стала лепшай у Беларусі: на першынстве ДзЮСШ выйграла звязку спрынт-скачкі. Да выпускнога класа ставілася да спорту ня вельмі сур'ёзна. Толькі пасля таго як у 2009-м заваявала бронзавы медаль на моладзевай "Еўропе", зразумела: спорт можа стаць прафесіяй. Вучоба ў школе давалася лёгка, сярэдні бал атэстата - каля 9. Аднак спроба паступіць у сталічны педуніверсітэт поспехам не ўвянчалася - недабрала балаў. Аліна вярнулася ў родную Оршу і пайшла працаваць у ЖЭС. За пяць месяцаў пабачыла дастаткова, каб зразумець: трэба ўпарта трэніравацца і вучыцца, каб жыць не так, як многія з тых, з кім сутыкнулася. Праз год паступіла ў БДУФК на спецыяльнасць "Менеджмент спорту і турызму". Вучылася завочна і працягвала трэніравацца. Пасля бронзы на маладзёвым чэмпіянаце Еўропы-2009 ад менскіх трэнераў не было адбою. Але ў Гуціна было камфортна, вынікі раслі. А ехаць у сталіцу ўсё не вырашалася: баялася высокіх нагрузак і траўмаў. На чэмпіянаце краіны-2010 у Гродне ўпершыню размяняла 13 секунд - 12,87. Тады і зразумела: трэба ехаць у Менск. Восенню 2010-га Талай перайшла да Віктара Мікалаевіча Мяснікова.
ПЕРАЛОМ
Мяснікоў сам быў класным бар'ерыстам, чэмпіёнам Еўропы ў залах і фіналістам Алімпійскіх гульняў 1976 года. Стаўшы трэнерам, прышчапляў універсалізм сваім падапечным. У яго групе трэніраваліся вядомыя ў Беларусі спрынтэры і бар'ерысты - Максім Лынша, Юлія Балыкіна, Аляксандр Ліннік. На Аліну абрынуліся нагрузкі і, як вынік, пайшлі медалі. Пра яе загаварылі, яе імя стала мільгаць у СМІ. Аднак паступова назапашвалася і горыч паражэнняў. Верагодна, многіх б гэтая сітуацыя здаволіла: у рэшце рэшт, у зале яна заўсёды з медалямі, а летам і ў Еўропе - сярод лідэраў. Але Талай адчувала ў сабе незапатрабаваны патэнцыял і стала патрабаваць ад настаўніка большай аддачы. У сезоне-2014 яна спадзявалася выйсці на ўзровень новых хуткасцяў. Не заладзілася з самага пачатку. Пасля чэмпіянату краіны, дзе яна выйграла гладкія і бар'ерныя 60 метраў, Аліна падхапіла эпідэмію вятранкі і на чэмпіянат свету ў Сопат паехаць не змагла. Улетку вынікі не раслі, нават наадварот. Траўмавала хрыбетнік. Адносіны з Мясніковым абвастрыліся. Пра гэта сталі гаварыць. Неразуменне дасягнула апагею за два тыдні да чэмпіянату кантынента. І яна пайшла. У Цюрыху выступала "на аўтапілоце". Разрыў з трэнерам і траўма - ня лепшы фон для заваявання вяршынь. Выйшла ў фінал толькі з сёмым вынікам і там была далёкая ад прызёраў - 12,97, пятае месца. Аднак, акрамя расчаравання, Цюрых падарыў і надзею. Яна пазнаёмілася з аўстрыйскім спецыялістам Філіпам Унфрыдам і пацікавілася: ці можна займацца ў яго? Хто ж адмовіцца ад спартоўкі высокага класу?! З восені Аліна стала наязджаць ў аўстрыйскі Санкт-Пёльтэн, што ў 40 км ад Вены. Новы настаўнік паставіў задачу: падняць абсалютную хуткасць бегу, у якой беларуска прыкметна слабейшая і за Пірсан, і за амерыканак, і за некаторых еўрапейскіх бар'ерыстак. Для гэтага патрэбен прынцыпова новы ўзровень сілавой падрыхтоўкі. Трэніроўкі сталі больш ёмістымі і працяглымі - 4-4,5 гадзіны на дзень.
УСПЛЁСК
Пасля амаль трох месяцаў працы трэнер і вучаніца вырашылі праверыць: што ж атрымліваецца? З ліста пракаціла ў Вене за 8 секунд роўна і выйшла ў лідэры сусветнага сезону! Такога раней не бывала. Адправілася ў Дзюсэльдорф, дзе ў моцнай кампаніі прабегла яшчэ хутчэй, нашмат апярэдзіўшы суперніц. Праз тры дні трыумф у Маскве. Талай стартавала кожны тыдзень, і яе хуткасць паступова расла. У сярэдзіне лютага ў Вене яна дамаглася прарыву, палепшыўшы асабістае дасягненне адразу на шэсць сотых і адначасна размяняўшы 7,88! На чэмпіянаце краіны ў Магілёве Аліна з радасцю пераканалася, што расце і абсалютная хуткасць бегу: ўстанавіла асабісты рэкорд і ў гладкім міні-спрынце. Заставалася не расплюхаць гэты цудоўны стан да Прагі. Аліна была перакананая: суперніцы, якія ўвесь сезон назіралі за яе перамогамі з-за спіны, рыхтуюць сюрпрыз. І не памылілася. Сем фіналістак з васьмі ўсталявалі асабістыя і нацыянальныя рэкорды! Пяцёра гэта зрабілі ў фінале, двое - у паўфінале. У гэтай сітуацыі беларуска праявіла сябе сапраўднай зоркай. На старце прадэманстравала лепшую рэакцыю на стрэл - 0,104 секунды, рэдкі паказчык! Спачатку побач з беларускай трымалася 20-гадовая англічанка Люсі Хатан. Пасля трэцяга бар'ера Аліна выйшла наперад, а на заключным гладкім адрэзку рэзка павялічыла адрыў. Ўзнагародамі прыгожай і рашучай дзяўчыне з Оршы сталі залаты медаль і нацыянальны рэкорд - 7,85! Ранейшы прастаяў 25 гадоў! Але галоўнае наперадзе. Цяпер нам, а больш за ўсіх самой Аліне, хочацца даведацца: ці будуць зрухі на стометроўцы? Ці атрымаецца ў чэмпіёнцы Еўропы ў залах пашумець і на адкрытым паветры? Тэставы бег чакаецца ў канцы жніўня на чэмпіянаце свету ў Пекіне.