Аршанцы яшчэ не надта прывыклі да такой формы крамаў як "буцік", а аршанскія сабакі ўжо могуць прывыкаць па-поўнай. На вуліцы Молакава адкрыўся буцік для хатніх жывёлаў. У краме вялікая колькасць тавараў для сабакаў - гэта адмысловыя харчы, посуд, павадкі і ашыйнікі, наморднікі, цацкі, мягкія будкі для маленькіх сабакаў, якія можна паставіць у кватэры. Для шчанюкоў, якія могуць грызці ў хаце ўсё што заўгодна, прадаюцца адмысловыя штучныя косткі. У продажы таксама прадстаўлена вялікая колькасць вітамінаў і медыкаментаў.
Пра здароўе людзей раздробны гандаль у Оршы клапоціцца меньш - адкрылася чарговая піўная крама. Крама адчынілася на месцы кафетэрыя крамы Раніца, сама крама, нагадаем, пасля закрыцця гандлёвай сеткі "Раніца" перададзена для абслугоўвання Орша-сэрвісу. Крама ЗАТ "Раніца" ў Барані таксама атрымала новага гаспадара - тут размесціўся фірмовы гандаль мясакамбіната.
Некаторыя аб'екты сферы абслугоўвання будуюцца і рыхтуюцца да адкрыцця. Побач з рынкам па вуліцы Энгельса рыхтуецца да адкрыцця новая кавярня - "Віет". А па вуліцы Магілёўскай скончаецца будаўніцтва чарговага гандлёвага цэнтра. Гэта будзе ўжо чацверты буйны гандлёвы цэнтар уздоўж Магілёўскай - сёння тут працуюць дзве крамы сеткі Мяркам і Еўраопт у былым кінатэатры "Мір". Новая крама будзе першым гандлёвым аб'ектам сеткі MartInn у Оршы. Але гэта яшчэ не мяжа развіцця прыватнага гандлю на асобна ўзятай вуліцы. Нядаўна, пад гандаль і склады была прададзена фабрыка Днепр па вуліцы Чырвонаармейскай - не больш за 300 метраў ад Магілёўскай.