Жыхары дома па 2-ім завулку Чырвоназнамёным д. 3 звярнуліся на наш сайт са сваёй праблемай. Дом у якім яны жывуць быў пабудаваны ў канцы 50-х гадоў, калісці выкарыстоўваўся як дзіцячы садок, а з часам быў перададзены ў жылы фонд. Канешне, дом патрабуе капітальнага рамонту. Па плане капітальны рамонт павінен быў прайсці ў 2014 годзе, у яго рамках тады былі заменены толькі вокны і ўсё.
І вось прыйшло шчасце - напачатку красавіка жыхарам дому паабяццалі паўнавартасны капітальны рамонт, які мусіў скончыцца ў верасні. Работы пачаліся - у чэрвені вакол дома быў пакладзены бардзюр (за выключэннем участка прыблізна ў 5 метраў каля пад'езда) і падсыпаны пясок. І на гэтым рамонт спыніўся. Другая частка чэрвеня і ўвесь ліпень прайшоў без рамонту, наступіў жнівень - работы не аднавіліся. Набліжаецца восень з яе дажджамі. Жыхары дома сумняюцца, што ўсе работы паспеюць скончыцца за частку жніўня і верасень. І баяцца што асноўная фаза рамонту пройдзе не ў абяццаным верасні, а пад дажджамі кастрычніка і ў пачатку ацяпляльнага сезона, калі замест падачы ў трубы ацяплення, гэтыя трубы будцуь мяняць на новыя. Або ўвогуле ніколі.
Жыхары напісалі ліст камунальнікам, але ў мясцовым ЖЭУ ліст, нават, не зарэгістравалі - не было адпаведнай работніца, хаця паабяццалі адказаць своечасова - праз 15 дзён.