Краязнаўцы Аршаншчыны наведалі вёску Пагосцішча Лёзненскага раёна, дзе знаходзіцца адзін з нешматлікіх помнікаў паўстанцам Кастуся Каліноўскага. Атрад Ігната Будзіловіча змагаўся з расейскімі войскамі на поўнач ад Оршы, няроўны бой з акупантамі каля Пагосцішча стаў апошнім для касінераў. Яны былі разбітыя, а іх лідэр - Ігнат Будзіловіч стаў адзіным паўстанцам, расстраляным у Оршы.
Ушанаваць памяць беларускіх герояў, якія не збаяліся прыняць няроўны бой з ворагамі Бацькаўшчыны, прыехала і настаўніца з Лёзна Алена Грачышнікава, дзякуючы якой у Пагосцішчы з'явіўся крыж у гонар інсургентаў. На пачатку на месцы сучаснага крыжа былі сабраныя камяні, але потым яны былі раскіданыя невядомымі. Цяпер на памятным месцы стаіць крыж. Краязнаўца і грамадскі актывіст Алесь Шутаў правёў для гасцей невялічкі экскурс у гісторыю, прадстаўнік "Руха за Свабоду" Юры Нагорны ўзгадаў, што пісаў пра паўстанне сам яго ініцыятар Кастусь Каліноўскі. На полі побач з крыжам адбыўся выступ барда Георгія Станкевіча.
Непадалёк ад крыжа ў гонар паўстанцаў стаіць помнік савецкім партызанам.
Экскурс у гісторыю ад Алеся Шутава.
На месцы, дзе цяпер лес, знаходзіўся фальварак шляхціча Пюро, дзе спыняўся Будзіловіч са сваімі паплечнікамі.
Выступ Юрыя Нагорнага.
Спявае Георгій Станкевіч.
Злева - Алена Грачышнікава.
Даведка. Аршанскі атрад пад кіраўніцтвам Ігната Будзіловіча. Касінеры, аб'яднаныя ў Аршанскі атрад, налічвалі каля 50 асобаў і прымалі ўдзел у паўстанні Кастуся Каліноўскага ў 1863 годзе. 26-га красавіка таго года каля вёскі Пагосцішча сучаснага Лёзненскага раёну паўстанцы пад кіраўніцтвам Будзіловіча былі дагнаныя расейскімі войскамі ў колькасці 90 чалавек. Інсургенты былі вымушаныя адступіць за дом, дзе яны апынуліся на маленькай пляцоўцы з якой было складана весці далейшы бой. У выніку бою былі ўзятыя ў палон 21 чалавекі, 6 было забіта, 3 паранена. Частцы атраду ўдалося збегчы, але зноў яны ўжо не сабраліся. З боку рускіх было забіта 2 чалавекі і адзін паранены. Сам кіраўнік Аршанскага атраду Ігнат Будзіловіч быў расстраляны ў Аршанскай турме 28 жніўня 1863 года.