Васіль Гаўрылавец - былы вайсковы афіцэр - стаў вядомым, калі ў 90-х стварыў першы ў горадзе дзіцячы дом сямейнага тыпу. Разам з жонкай яны выхоўвалі адначасова па 8-10 дзяцей. Пляцоўкай для дзіцячага дому стала службовая кватэра выдзеленая дзяржавай па Магілёўскай 85. Пазней дзіцячы дом атрымаў яшчэ і катэдж з участкам. Паводле дамовы, кватэра павінна была перайсці ў маёмасць Васіля і жонкі, калі яны будуць выхоўваць не меньш за 5 дзяцей на працягу 15 гадоў. Але год таму жонка памірае, а адзін Васіль з усёй гаспадаркай справіцца не змог - дзіцячы дом быў распушчаны.
Да таго часу, калі кватэра магла перайсці са статусу службовай у прыватную маёмасць на момант закрыцця дзіцячага дому заставалася ўсяго некалькі месяцаў. Катэдж таксама не застаўся ў маёмасці Васіля. І атрымалася, што шматдзетнаму прыёмнаму бацьку, па-сутнасці, няма дзе жыць. Пакуль Васіль ад безвыходнасці застаецца ў кватэры, але камунальнікі вырашылі яго адтуль выселіць. Метад ціску на жыхара кватэры быў абраны дзіўны - работнікі ЖЭУ-4 забілі дзверы кватэры цвікамі.
Васіль Сямёнавіч звяртаецца ў розныя установы з просьбай пра дапамогу, але пакуль давядзецца чакаць рэакцыі тых установаў - у кватэру і на вуліцу з кватэры ён патрапляе праз балкон.
Паводле Еўрарадыё