Неабыякавая жыхары Оршы непакояцца пра стан беларускай мовы ў грамадскім транспарце горада. Апошнім часам усе прыпынкі ды іншыя абвесткі сталі выконвацца на расейскай мове. Аршанцы звяртаюцца ў аўтапарк з просьбамі вярнуць родную мову ў грамадскі транспарт. Цалкам тэкст звароту выглядае так, яго прапануецца даслаць і іншым жыхарам горада:
Паважаны Сяргей Анатольевіч!
Апошнім часам у гарадскіх аўтобусах вашага прадпрыемства можна пачуць абвяшчэнне прыпынкаў на рускай мове. Хоць раней такія абвесткі можна было пачуць на прыгожай беларускай мове. У нашай краіне склалася добрая традыцыя абвяшчаць у грамадскім транспарце прыпынкі па-беларуску. Так робіцца ў Мінску, Гомелі, Віцебску, Светлагорску, Мазыры і іншых гарадах. Гэта спрыяе развіццю беларускай культуры, станаўленню самасвядомасці чалавека, выхаванню яго на нацыянальных каштоўнасцях і традыцыях Беларусі. У такой сітуацыі з’яўленне рускамоўнага дыктара ў Оршы нявыгадна адрознівае наш горад ад іншых. Ствараецца ўражанне, што мы жывем не ў Беларусі і свае традыцыі не шануем.
Заклікаю вас вярнуцца да беларускамоўнага абвяшчэння аўтобусных прыпынкаў у гарадскім транспарце. Упэўнены, што гэта будзе спрыяць росту аўтарытэта ўзначальваемага вамі прадпрыемства і будзе ацэнена жыхарамі Оршы як пачатак новай станоўчай культурнай традыцыі.