Справа тычыцца бібліятэкі ў раёне Заходняя. Некалькі года таму будынак старога корпуса школы №14, у якім доўгі час знаходзілася бібліятэка, быў разабраны. Пасля гэтага аддзел культуры зняў у арэнду памяшканне былой прамтаварнай крамы ў ОРСа. Але пад час рамонту жылога дома, ў якім знайшла новае прыстанішча бібліятэка, памяшканне засталося без батарэяў ацяплення і так прастаяла некалькі год. Восенню мінулага году праблему адсутнасці ацяплення мясцовыя жыхары падымалі на калектыўнай сустрэчы з намеснікам старшыні выканкаму С.М.Пацам. Па выніках сустрэчы ў мінулым годзе за подпісам Паца прыйшоў пісьмовы адказ, што для бібліятэкі закуплены батарэі і ў тэрмін да 15 студзеня 2015 года яны будуць змантаваныя. Але сітуацыя не змянілася. Летам гэтага году ў яшчэ адным адказе з выканкаму было напісана, што ОРС робіць праэкт устаноўкі ацяплення. Але сітуацыя зноў не змянілася. І вось, пачаўся ацяпляльны сезон, а ў бібліятэцы і да гэтае пары ацяплення няма.
У сувязі з гэтым актыўныя жыхары раёна распачалі збор подпісаў пад калектыўнай скаргай да чыноўнікаў абласнога ўзроўню. У скарзе канстатуецца, што аршанскія ўлады за некалькі год так і не змаглі вырашыць дробную для ўзроўня ўсяго Аршанскага раёна праблему, а ў лістах давалі абяццанні, якія не выконваліся. Таму жыхары раёну просяць паспрыяць вырашэнню праблемы на абласным узроўні.