Кожны з нас мае дома святочную ялінку — бясспрэчна, галоўнае ўпрыгожанне Калядаў і Новага года. Але ялінку звычайна "апранаюць" у разнастайныя цацкі. Традыцыя вешаць на лапкі ялінкі цацкі вядзецца з першай паловы 17 стагоддзя, калі ў Нямеччыне і Прыбалтыцы вырашылі, што святочнае дрэва будзе выглядаць прыгажэй, калі на яго чапляць упрыгожанні.
У дамах аршанцаў ёсць розныя-розныя цацкі на ялінку, штосьці арыгінальнае засталося з савецкага часу, штосьці выраблена сваімі рукамі, а то яшчэ і творчымі ручкамі дзетак, нешта прывезена з-за мяжы і таксама можа пахваліцца незвычайнасцю.
Пад Новы, 2016 год мы прапануем нашым чытачам прыняць удзел у святочным конкурсе. Дзеля гэтага вам трэба сфатаграфаваць самую ўнікальную, на ваш погляд, елачную цацку ў вашым доме і даслаць фотаздымак на адрас [email protected] з пазнакай "Конкурс" у тэме ліста і ўказаннем сям'і, якой яна належыць. Увага: ад адной сям'і прымаецца толькі адно фота. Фатаграфіі прымаюцца да 22:00 4 студзеня. 5 студзеня будуць аб'яўленыя пераможцы. Аўтары трох лепшых фотаздымкаў атрымаюць прызы ад orsha.eu.
Прыемнага ўдзелу, сябры! Чакаем вашыя здымкі!