У спецыяльна абсталяваным купэ ад адной асобы будзе прымацца не болей за 10 багажных месцаў (каробка, скрыня, упакоўка, пакунак, т.д.) агульнай вагой не болей за 200 кг. Дапускаецца вага аднаго месца ад 1 да 20 кг, а памеры не павінны выходзіць за 2,5 метры па даўжыні, шырыні і вышыні, пры памеры аднаго з бакоў не болей за 1,8 метра. Упакоўка багажа – справа самога адпраўніка. Што датычыцца цэнаў на паслугу, то БЧ прыводзіць прыклад перавозкі па маршруце Менск – Берасце, адпраўка аднаго багажа вагой 20 кг па ім будзе каштаваць 18 200 рублёў, грузабагажа – 36 400 рублёў. Падрабязнасці на сайце БЧ.
Праз Оршу будуць хадзіць два такіх багажных купэ, у 9.14 цягніком Берасце – Віцебск і ў 19.19 цягніком Віцебск – Берасце. У міжнародным спалучэнні захоўваецца магчымасць адпраўкі пасылак у Маскву і Калінінград (Кёнігсберг) з перагрузкай на станцыях Менск-Пасажырскі і Орша-Цэнтральная. Прыёмка і выдача багажа здзяйсняецца з 8.00 да 20.00 у працоўныя дні і з 8.00 да 17.00 па выходных.