Ураджэнец Оршы Ігар Станкевіч, які зараз пражывае ў Санкт-Пецярбургу, але часта бывае ў нашым горадзе запісаў і апублікаваў у сеціве ўспаміны 90-гадовай аршанкі Галіны Георгіеўны Кумец (у дзявоцтве Шавека). Галіна Георгіеўна нарадзілася 26 сакавіка 1925 года і сваё дзяцінства правяла ў Оршы. На яе вачах прайшлі рэпрэсіі, якія закранулі і яе сям'ю, пачатак вайны з эвакуацыяй. У прыватнасці, распавядаецца, як эвакуяваны Ільнокамбінат не даехаў да пункту прызначэння, а быў спынены немцамі пад Смаленскам. Пасля чаго работнікі прадпрыемства хто як дабіраліся да хаты. Сама ж сям'я гераіні ўспамінаў ад савецкіх бамбёжак хавалася ў вёсках. Ва ўспамінах узгадваюцца вёскі Крапіўна, Рукліна, Чэрціцы, Глякава - усе гэтыя вёскі сустракаюцца на старых мапах Оршы ў раёне Царскага сяла, урочышчы Чэрціцы - вышэй па Дняпры ад Оршы. Рукліна і Чэрціцы вядомыя ў 18 стагоддзі. а Гляква ў 19-м. На пасляваенных мапах гэтых тапонімаў ужо не сустракаецца.
Цалкам прачытаць успаміны доўгажыхаркі можна тут.