Наш сайт паведамляў пра святочныя мерапрыемствы на Калегіюмнай плошчы ў цэнтры нашага горада. Але Масленіцу ладзілі не толькі там, радасныя твары людзей, шмат смеху і канцэртную праграму назіралі і жыхары вакзальнага раёну.
Свята адбывалася на стадыёне "Лакаматыў". Тут урачыста развіталіся з Зімой, шчыра сустрэлі Вясну. Свята сабрала мноства людзей, якіх было не менш як у цэнтры ў той жа момант. Каля стадыёна стаяў аўтамабіль з расейскім сцяжком і так званай "георгіеўскай" стужкай у кабіне, з якога прадавалі садавіну. Аднак гэта мала адносіцца да тэмы нашага фотарэпартажу з "Лакаматыва".
Па заканчэнні канцэртнай праграмы было спалена пудзіла зімы, а затым побач са сцэнай пачаліся традыцыйныя для Масленіцы намаганні дастаць прызы са слупа. Людзі намагаліся дастаць і рыбацкія боты, і апрысквальнік супраць каларадскіх жукоў, і санкі. Некаторыя маладыя людзі намагаліся нават пабудаваць піраміду, каб чалавеку засталося пераадолець толькі палову слупа. У выпадку з апрысквальнікам гэта прынесла свой плён, у іншых нязменна сканчалася няўдачамі. А вось адзін з удзельнікаў залез на слуп без дапамогі і атрымаў прызам не толькі боты, але і санкі, якія пасля спуску з вялікай радасцю перадаў сваёй сям'і. Намагалася ўзлезці на слуп і жанчына, але ў яе не атрымалася, як і ў многіх маладых людзей атлетычнага целаскладу. Не такая гэта лёгкая справа!