У правы атрымання спадчыны ўступіла дачка Юрыя Барабаша — Ірына. Юрый Барабаш — апошні з тых, хто ўвесь час жыў тут. Дом, у якім з 1956 па 1958 гг. жыў сам Уладзімір Караткевіч, знаходзіцца па адрасе: вул. Караткевіча, 10. Пакуль дачка Юрыя Барабаша жыве ў Адэсе.
- Наколькі я ведаю, у Ірыны ёсць знаёмыя ў Оршы, і яна дамовілася, каб яны прыглядалі за домам: тапілі яго, кармілі сабаку, - распавяла tut.by Алена Сінькевіч, пляменніца Уладзіміра Караткевіча. - Мы з мужам ездзілі ў Оршу летам, а потым восенню на святкаванне 85-годдзя з дня нараджэння Уладзіміра Сямёнавіча. Пасля свята, вядома, падыходзілі да дома, але ўнутр не патрапілі: там было зачынена.
Таксама крыніца паведамляе, што прадаваць дом спадарыня Ірына не збіраецца, а ў Міністэрстве культуры РБ сказалі, што ў спіс гісторыка-культурнай спадчыны дом не ўваходзіць.
Папярэдні гаспадар дому Караткевіча Юрый Георгіевіч Барабаш не з'яўляўся прамым родзічам пісьменніку. У першыя дні вайны старэйшы брат Караткевіча Валерый загінуў на фронце. Пазней жонку Валерыя Вольгу закатавалі фашысты з-за падазрэння ў супрацоўніцтве з партызанамі. Ад шлюбу Валерыя і Вольгі засталася дачка Раіса, якую забралі бацькі Караткевіча і выхавалі. Пасля вайны малады Уладзімір Сямёнавіч Караткевіч выхоўваўся разам з Раісай як брат з сястрой. Мужам Раісы Караткевіч і з'яўляўся Юрый Георгіевіч Барабаш. У пачатку лютага 2015 года Юрый Георгіевіч памёр.