За апошні месяц аршанская гарадская лазня, што знаходзіцца на вуліцы Астроўскага, згубіла нямала сваіх сталых кліентаў. Павышэнне кошту з 50 да 120 тысяч беларускіх рублёў людзі ўспрынялі хваравіта і многія аматары папарыцца, асабліва людзі сталага веку, "забылі дарогу" ў лазню. Адказныя ж за ўсталяванне коштаў досыць хутка зразумелі, што павышэнне сумы адразу ў 2,4 разы выглядае бязглузда і цяперашнія фінансавыя магчымасці большасці аршанцаў проста не дазволяць ім у такім выпадку наведваць лазню. Тады кошт быў зніжаны да 80 тысяч рублёў. Але павышэнне ад старой сумы ў 1,6 разы ўсё адно адбіваецца на кішэнях жыхароў, і шмат хто з іх не спяшаецца вяртацца назад.
Падаражэла лазня і ў Барані, дзе незадаволеныя людзі нават хадзілі да старшыні Бараньскага выканкама. Больш за тое, многія аршанцы цяпер "мігруюць" у Андрэеўшчыну, дзе паслугі прыватнай лазні каштуюць 60 тысяч рублёў, што на 20 тысяч меней за гарадскую лазню.
Павышэнне коштаў на лазню адбылося не толькі ў Оршы, некаторыя лазні ў Менску і Салігорску каштуюць па 120 тысяч за сеанс, у іншых буйных гарадах стандартным стаў кошт у 80 тысяч рублёў.
Таксама варта адзначыць, што назіраецца павышэнне наведвальнасці вясковых лазняў, бо там кошты значна адрозніваюцца ад гарадскіх. Напрыклад, у недалёкім ад Оршы Магілёве большасць лазняў цяпер каштуе 80 тысяч рублёў за сеанс, а некаторыя лазні ў вёсках, што знаходзяцца непадалёк абласнога цэнтра, прапануюць свае паслугі за 28 тысяч. Пры гэтым многія вясковыя жыхары, якія маюць як правіла нізкія даходы, таксама скардзяцца на сітуацыю і лічаць, што павышэнне коштаў з 14 да 28 тысяч у іх вёсцы адбылося менавіта з-за наплыву гарадскіх жыхароў, у якіх фінансавыя магчымасці вышэйшыя.