Як заўсёды з вялікай інтрыгай скончылася чарговая "Мазгабойня" ў Оршы - інтэлектуальныя спаборніцтвы. Арганізатары на гэты раз прыдумалі даваць лёгкі "рэлакс" удзельнікам, зладзіўшы конкурс сэлфі. А ў гульні перамагла каманда "Соучастники". Шклаўчане набралі 38 балаў і сталі першымі. Другое месца неверагодным чынам заваяваў трохразовы пераможца "Мазгабойняў" "Звяз", перад апошнім турам, бліцам, "звязаўцы" ішлі ўнізе табліцы. Аднак у бліцы каманда згуляла амаль бездакорна і ўзляцела на 2-е месца з 36 пунктамі. Нарэшце, замкнула тройку ў трэці раз запар "Ніка", у яе 35 пунктаў.
Адметнасцю Мазгабойні № 6 стала тое, што былі ўзятыя абсалютна ўсе 49 пытанняў - у гэты раз не было такіх пытанняў, на якія б не адказала правільна хаця б адна каманда. А вось чатыры пытанні былі настолькі складанымі, што іх адгадала толькі адна каманда. Напрыклад, пытанне пра караля Францыі Людовіка XIV і устрыц угадалі толькі пераможцы - "Соучастники", яны ж здагадаліся, што на карцінцы выяўленая рэклама турагенцтва. Пра падарунак на 8 сакавіка і атрыманыя ў падзяку ўсмешкі наведвальніц паліклінікі адказ ведаў толькі калектыў "Тусим", а пра сучасныя падземныя пераходы, якія не дазволілі праспекту Скарыны (цяпер Незалежнасці) ў Менску ўвайсці ў спіс ЮНЕСКА, правільны адказ даў толькі "Звяз".
Наступная "Мазгабойня" адбудзецца 24-га сакавіка.