Селекцыйна-гібрыдны цэнтр "Задняпроўскі" трывала знаходзіцца ў спісе прадпрыемстваў, дзе работнікам сур'ёзна затрымліваюць выплату заробкаў. Заработная плата на "Задняпроўскім" і так невысокая, даволі распаўсюджаная ў разліковых лістах сціплая сума ў 2 мільёны рублёў, амаль палова якой у мінулым месяцы спатрэбілася б на аплату камунальных паслуг. Але ў цяжкі халодны сезон людзі, якія працуюць на прадпрыемстве, доўга чакаюць нават гэтых мізэрных грошай. Толькі ў сакавіку большасць працуючых на "Задняпроўскім" людзей атрымала зарплату за студзень.
Затрымкі зарплаты на месяц, два, тры даўно сталі адметнай рысай селекцыйна-гібрыднага цэнтру. Летась скаргі работнікаў дайшлі да высокіх інстанцый, у выніку ў Оршу прыязджала адмысловая інспекцыяй дзеля праверкі прадпрыемства. Пасля гэтага, як на ўмовах ананімнасці адзначаюць працоўныя, заработная плата стала выплочвацца амаль своечасова, з затрымкай хіба на тыдзень-другі. Цяпер жа заробак застаецца прыкладна на ранейшым узроўні, і яго зноў пачалі выплочваць з велізарнай затрымкай.
Многія работнікі "Задняпроўскага" маюць сем'і, у тым ліку гадуюць малых дзяцей, і таму вымушаныя пазычаць грошы па знаёмых і сваяках. Атрымліваючы грошы з затрымкай, працоўныя выдатна бачаць новыя кошты, якія сталі яшчэ большымі з таго часу, калі яны мусілі своечасова атрымаць такую ж суму грошай, але на некалькі месяцаў раней, калі за яе можна было купіць болей прадуктаў і паслуг.
СГЦ "Задняпроўскі" з'яўляецца адным з базавых прадпрыемстваў для размеркавання выпускнікоў Віцебскай дзяржаўнай акадэміі ветэрынарнай медыцыны. На яго прыкладзе яскрава бачна, чаму многія выпускнікі не жадаюць прыязджаць на працу на дзяржаўныя прадпрыемствы.
Працоўныя "Задняпроўскага" знерваваныя, але ўсё ж маюць надзею, што бясчынства з выплатай зарплаты будзе скончанае.