Здарэнне адбылося яшчэ ў панядзелак 14 сакавіка вечарам, але да гэтае пары афіцыйна так нідзе і не было апублікавана. Па нашай інфармацыі маёр міліцыі - інспектар ДПС пасля рабочай змены выпіў і сеў за стырно. На вуліцы Міра каля шапіку Лазурыт ён збіў 8-класніцу, якая пераходзіла дарогу. Экспертыза падцвердзіла наяўнасць у крыві міліцыянта алкаголя - 1,6 прамілі. Дзяўчынка з пераломам дастаўлена ў бальніцу.
Гэта не адзіны выпадак за тыдзень, калі ад аўтамабіля пацярпелі дзеці. Літаральна праз два дні - 16 сакавіка - жыхар вёскі Крапіўна на "Масквічы" збіў 10 гадовага хлопчыка. У дадзеным выпадку кіроўца быў цвярозвы.
Таксама гэта не адзіны выпадак на гэтым тыдні, калі кіроўца сеў за стырно ў неадэкватным стане пад ўздзеяннем алкаголя або наркатычных рэчываў. Так, каля крамы "Каскад" па вуліцы Воз-ан-Улен "Стралой" быў затрыманы яшчэ адзін кіроўца, які выехаў з гаражнага масіву і спыніўся на сярэдзіне дарогі. Машына стаяла на праезжай частцы, пакуль не прыехалі супрацоўнікі міліцыі. Пры затрыманні кіроўца нес не звязаныя паміж сабою фразы і яўна трызніў.
Яшчэ адзін кіроўца пры затрыманні выехаў у поле і выкінуў дакуманты на аўтамабіль, спрабуючы потым патлумачыць, што аўтамабіль належыць не яму.