24-га сакавіка ў Оршы адбылася 7-я "Мазгабойня". На яе прыйшлі толькі 8 каманд - так мала калектываў раней яшчэ не было. Аднак якасць зноў парадавала, нават на самыя складаныя пытанні некаторыя каманды адказвалі абсалютна дакладна. Аднак не сказаць, што інтрыга трывала да самага канца. "Звяз", які раней перамагаў ва ўсіх трох няцотных па ліку гульнях, не здрадзіў сваёй традыцыі і на гэты раз. Гандыкап "Звяза" перад апошнім турам - бліцам - быў настолькі вялікім, што нават даволі сярэдні выступ там - 8 пунктаў - не зашкодзіў яму атрымаць перамогу. Хаця гэта трэці паказчык сярод усіх каманд.
Асноўная барацьба разгарнулася за 2-е месца. І тут "Ніка", якая за апошнія гульні прывыкла да 3-га месца, нарэшце здолела вырваць "срэбра". У гэты чацвер "Ніцы" ўдалося ўзяць некалькі пытанняў, якія былі неадольнымі для многіх яе супернікаў. Каманда "Тусим" з-за няўдалага бліца ўпала з 2-га радка на 4-ты, і дзякуючы гэтаму тройку замкнула каманда "Кому не лень".
З негульнявых падзей варта адзначыць старт конкурсу налепак, у якім удзельнікам прапануецца наляпіць стыкер "Мазгабойні" ў якім-небудзь незвычайным месцы, сфатаграфаваць, і з адмысловым хэштэгам адаслаць да 24 чэрвеня арганізатарам. Падрабязнасці конкурсу ў суполцы "Мозгобойня в Минске". Таксама актыўна працуе і абнаўляецца суполка "Мозгобойня в Орше".