Паводле некаторай інфармацыі, футбольны клуб "Орша" будзе расфарміраваны.
Больш за тое, 6-е месца каманды ў 2-й лізе сезона-2013 прызнана "нездавальняючым вынікам". І гэта пры тым, што "Орша" ўпершыню ўвайшла ў дзясятку лепшых за восем сезонаў, паведамляе блог фанатаў клуба. Ёсць звесткі, што запланаваная сустрэча па выніках чэмпіянату не адбылася.
Дапускаем, што існаванне футбольнага клуба ў горадзе залежыць ад хакейных перспектыў. А ў Оршы сабраліся ствараць хакейны клуб, нягледзячы на тое, што ў недалёкіх ад нас Віцебску і Магілёве хакейныя каманды знаходзяцца ў цяжкім фінансавым становішчы. Зрэшты, у бюджеце на наступны год грошаў на хакей не прадугледжана. Паколькі спорт з нядаўняе пары аб'яднаны з адукацыяй, то і менш затратны футбол апынуўся яўна не ў прыярытэтах. Бюджэт, які мусіў па загадзе зверху вытрымліваць пабудову буйнога лядовага палаца, цяпер не ў стане забяспечыць футбольную каманду. Вечныя размовы чыноўнікаў пра недахоп грошаў і затраты толькі "на самае неабходнае" тут не праходзяць - аршанцы доўга дабіваліся рамонту маста на ільнокамбінаце і з вялікім спазненнем мост быў агароджаны.
Калі каманду, якая пачала прыносіць вынік, расфарміруюць, "упрыгожваць" імідж Оршы ўжо не атрымаецца. Футболам цікавяцца тысячы людзей нават не ў самай футбольнай Беларусі, таму знікненне клуба, што існуе з 1951 года, яўна не застанецца без увагі.
P.S. Як паведаміў той жа блог пазней, галоўны трэнер каманды Алясандр Ладзяны не пацвярджае інфармацыю пра хуткае знікненне "Оршы". Увечары 30 снежня павінна адбыцца сустрэча кіраўніцтваў горада і клуба. Магчыма, што размова будзе весціся пра змену ўласніка, а не пра расфарміраванне клуба.