Мы вырашылі прапанаваць сваю версію важных падзей для нашага горада ў 2013 годзе. Гэта тое, што хвалявала жыхароў горада, тое, што актыўна чыталася і каментавалася на нашым сайце, тое, што адбілася на абліччы горада. Падзеі прапанаваныя ў храналагічным парадку.
1. Моладзевае грамадскае аб'яднанне "Звяз" даслала лісты гарадскім службам з просьбай аб мерах па захаванні былога манастыра Францысканцаў. Першы ліст звязаўцы адрасавалі на імя генеральнага дырэктара "Оршакамгасу" з просьбай правесці дадатковую кансервацыю будынка. Папярэдняя кансервацыя аказалася ненадзейнай. Невядомыя лёгка адарвалі дошкі і фанерныя лісты, якімі былі закалочаныя вокны і дзверы, пасля чаго будынак часта наведваюць бамжы, якія ўнутры помніка распальваюць вогнішча. Звязаўцы прапанавалі не забіваць праёмы дошкамі, а закласці іх цэглай. Другі ліст быў адрасаваны начальніку ГАУС Анатолю Міхайлавічу Сільчанка. У ім грамадскія актывісты прапанавалі скарэктаваць маршрут міліцэйскага патруля па вуліцы Савецкай так, каб супрацоўнікі міліцыі, патрулюючы вуліцу, аглядалі будынак францысканскага манастыру, не дазваляючы яму пераўтварыцца ў месца для асацыяльных асобаў. Неўзабаве прыйшоў адказ на ліст ад "Оршакамгасу". У сваім лісце камгас падцвердзіў, што будынак быў перададзены яшчэ ў 2011 Віцебскай епархіі праваслаўнай царквы. Некалькі разоў камгас за свае сродкі рабіў кансервацыю будынка. На сёняшні дзень горад імкнецца пазбаўляцца ад адказнасці за гістарычныя будынкі, перадаючы іх праваслаўным. Пры гэтым царква не можа знайсці сродкаў на належную кансервацыю і рэстаўрацыю былога базылянскага манастыра і нават не бралася за былы Францысканскі манастыр.
2. Беларусфільм так і не пачаў працу над экранізацыяй раману У. Караткевіча "Калаcы пад сярпом тваім" Ідэя зняць фільм па аднаму з самых вядомых твораў нашага земляка з'явілася яшчэ калі міністрам культуры быў Павал Латушка. Сцэнар напісаў Аляксандар Качан, вядомы як сцэнарыст нашумелых карцінаў "Акупацыя. Містэрыі" і "Масакра". Сцэнар быў прыняты і, нават, аплочаны. Але, раптам, прыйшло паведамленне, што праэкт замарожаны. У СМІ агучаныя тры асноўныя версіі "замарозкі": - Агучаная ў інтэрв'ю "Еўрарадыё" Міхаілам Кацюшэнкам - начальнікам аддзела рэалізацыі і рэкламы. Паводле яго словаў прычына ў тым, што кінастудыю не задавальняе сцэнар. - Агучаная ў "Нашай Ніве" Аляксандрам Качаном - сцэнарыстам. Паводле яго меркавання ў кінастудыі проста не хапае сродкаў і таму здымкі адкладаюцца на невядомы тэрмін. - Агучаная ў "Нашай Ніве" ананімным чыноўнікам дэпартамента па кінематаграфіі міністэрства культуры. Паводле гэтай ананімнай інфармацыі - праблема ў тым, што ад супрацоўніцтва і фінансавання кінастужкі адмовіліся ўдзельнічаць прадстаўнікі Рэспублікі Польша. Тым не меньш, ад экранізацыі твораў Караткевіча беларуская кінастудыя цалкам адмаўляцца не збіраецца. Папярэдне, на наступны год запланавана пачаць працу па экранізацыі "Чорнага замку Альшанскага".
3. У панядзелак раніцай, 21 студзеня проста на службе пазбавіў сябе жыцця намеснік камандзіра батальёна дэпартамента "Ахова" падпалкоўнік Міхалік. Застрэліўся афіцэр з табельнага пісталета. Пасля здарэння будынак "Аховы" быў ачэплены міліцыяй. Загінулы быў начальнікам штабу. Загінуламу было 40 год, меў сям'ю.
4. Былы кіраўнік асацыяцыі уласнікаў жылля "Юнацтва - Орша" Юры Дудкін быў асуджаны да 9 гадоў пазбаўлення волі з адбываннем у калоніі ўзмоцненага рэжыму за распаўсюд парнаграфіі. Ён быў асуджаны па арт. 343-1 ч.3 "Выраб і распаўсюджванне парнаграфічных матэрыялаў або прадметаў парнаграфічнага характару з выявай непаўнагадовага". Слуханні праходзілі на працягу трох месяцаў пры зачыненых дзвярах. Выступіла больш за 30 сведак. Судовы працэс пацвердзіў тое , пра што неаднаразова казала аршанская грамадскасць , - у мікрараёне "Задняпроўе", побач з СШ № 20 існавала дзіцячая порнастудыя, якая пакрывалася нейкімі службовымі асобамі. Затым адбыўся працэс, які тычыўся фінансавай дзейнасці Дудкіна на сваёй пасадзе. Суд, разгледзеўшы справу, на гэты раз прыгаварыў яго да 11 гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці.
5. Барацьба паміж гопнікамі і металістамі працягнулася. На гэты раз усе падзеі адбываліся ў Барані. Першая патасоўка была яшчэ ў лютым. У лістападзе з бараньскай "гапатой" пасля канцэрту сутыкнуліся музыкі гомельскага гурта. Музыкам прынеслі прабачэнні. Паглядзім, як будуць ахоўвацца наступныя канцэрты.
6. Аліна Талай выйграла срэбраны медаль чэмпіянату Еўропы ў залах, які праходзіў у шведскім Гётэборгу. Спачатку Аліна выйграла першы забег на 60 метраў з бар'ерамі, без пытанняў патрапіўшы ў паўфінальны. Там Талай была другой, саступіўшы расіянцы Кандаковай. У фінальным забегу беларуска паўтарыла свой асабісты рэкорд - 7,94 секунды, аднак золата заваяваць не ўдалося, бо Нэвін Яніт з Турцыі паказала час на 5 сотых секунды лепш. Тым не менш, Талай зноў даказала, што нават на самых прадстаўнічых спаборніцтвах яе можна расцэньваць як фаварыта і рэальную прэтэндэнтку на ўзнагароды найвышэйшай якасці. На чэмпіянаце свету ў Маскве прайсці ў фінал не ўдалося, Аліна спынілася літаральна "перад дзвярыма" ў вырашальны забег, заняўшы 9-е месца.
7. Як і папярэджвалі сіноптыкі, надвор'е ў Оршы 15 сакавіка было не самым добрым. Аднак маштабы завірухі наўрад ці мог уявіць сабе звычайны чалавек. Усе вуліцы горада сур'ёзна замеценыя снегам, транспарт хадзіў са збоямі. Карэспандэнт нашага сайту стаў сведкам таго, як маршруткі №№16 і 25 не спыніліся на прыпынку на вуліцы Ваз-ан-Влен з-за высокай верагоднасці не з'ехаць з прыпынку пасля пасадкі пасажыраў. Пустыя маршруткі адправіліся ў аўтапарк не падбіраючы людзей. На большасці прыпынкаў горада ўвечары 15 сакавіка знаходзіліся дзясяткі чалавек, якія не маглі залезці ў транспарт, што быў бітма набіты іншымі пасажырамі. На адным з маршрутаў непадалёк ад цэнтральнага рынку ўзнікла бойка паміж двума мужчынамі, якія не падзялілі месца ў маршрутцы — ўсё скончылася разбітым носам аднаго з мужчынаў. Яшчэ ў адной з маршрутак, як стала вядома нашаму сайту, жанчына згубіла ў натоўпе сваю сумку. У цэнтры горада каля музычнай школы не змаглі з'ехаць з месца адразу дзве маршруткі. Дарожныя службы па меры сілаў прыбіралі снег з вуліц.
8. Мікола Купава выставіў карціны на продаж дзеля дапамогі ў аднаўленні Базылянскага манастыра. Была праведзена дабрачынная выстава. У выніку было сабрана каля 2.300.000 рублёў.
9. 6 красавіка міліцыя не дала сабрацца аматарам рок-музыкі на сваім звычайным месцы тусоўкі - Гарадзішчы. З канца 70-х гадоў аршанскае гарадзішча стала месцам збору прадстаўнікоў субкультуры нефармалаў. Зімой там збіраецца меней людзей з-за холада і таму кожную вясну "нефармалы" арганізоўваюць вялікі суполны збор, як адкрыццё сезону. На гэты раз "адкрыццё сезону" было прызначана 6 красавіка 18-00. Да 18-30 на гарадзішчы было ўжо каля 30 чалавек, у гэты час і з'явіліся супрацоўнікі міліцыі. Міліцыянты абшукалі ўсе торбы прысутных у пошуках алкаголю. Для справядлівасці варта адзначыць, што ў трох чалавек алкаголь сапраўды быў знойдзены. У выніку, ва ўльтыматыўнай грубай форме нефармалам было загадана сыйсці з гарадзішча, а 6 чалавек затрымалі. У прыватнай размове міліцыянты патлумачылі, што мэр Оршы Лісоўскі яшчэ ў мінулым годзе загадаў супрацоўнікам міліцыі "разабрацца" з нефармаламі, каб гарадзішча як месца сустрэчаў гэтай субкультуры ў горадзе проста знікла. Пасля ад'езду супрацоўнікаў міліцыі і затрыманых людзі ўсё ж такі змаглі патрапіць на гарадзішча, але ўжо ў меньшай колькасці. Здаецца, пасля пэўнага розгаласу мэрыя адкінула спробы разганяць нефармалаў.
10. 17 красавіка ў Смалянах пачалося руйнаванне будынку былога манастыра дамініканцаў. Яшчэ ў мінулым годзе на будынку пачаў абвальвацца дах, які ніхто не стаў рамантаваць. У вёску прыгналі адмысловую тэхніку, а каля будынку выкапалі два катлаваны, у якія планавалі закапаць рэшткі манастырскага будынка. Як патлумачылі нашаму карэспандэнту ў аддзеле культуры, будынак не знаходзіцца пад аховай дзяржавы, бо калі падымалася гэтае пытанне, будынак палічылі не жылым корпусам манастыра, а гаспадарчымі пабудовамі. Каля чатырох гадзін дня тэхніку адагналі. Тэлефонныя званкі пра падзеі дайшлі аж да намеснікаў міністра культуры. Па самому будынку, які імкнецца знесці мясцовы калгас, пачаліся спрэчкі. Па версіі сельскага савету і сельскагаспадарчага прадпрыемства будынак узведзены ў 1937 годзе, бо на ім цэглай выкладзены надпіс "МТС 1937". Але менавіта гэты будынак у краязнаўчай літаратуры называецца жылым будынкам манастыра Дамініканцаў, які быў перабудаваны ў савецкія часы. Напачатку 90-х гадоў шыльду з інфармацыяй пра гісторыю будынка павесілі сябры краязнаўчай арганізацыі "Повязь". У выніку руйнавання ад будынка засталося 20%.
11. У Балбасава была створана кампанія "Orsha air". Мяркуецца, што ў выпадку хуткага працэсу сертыфікацыі першыя рэйсы кампанія здзейсніць адразу пасля Новага года. Кампанія будзе займацца перавозкай грузаў, на ёй будуць задзейнічаныя і верталёты, сабраныя альбо адрамантаваныя на заводзе ў Балбасава.
12. У Оршы адбыўся цэлы чэмпіянат свету! Дзіцячы сусветны чэмпіянат па шашках. Буйное мерапрымства паказала, што ў Оршы можна праводзіць важныя спаборніцтвы. А арганізатар турніру ў інтэрв'ю нашаму сайту паведаміў, што першапачаткова чэмпіянат хацелі праводзіць у Лядовым палацы, але на той момант ён яшчэ не быў гатовы.
13. Мост на ільнокамбінаце зачынілі. Доўга аршанцы прасілі ўлады горада зачыніць аварыйны мост, але з рамонтам усё цягнулі. Толькі з умяшальніцтвам у справу губернатара вобласці мэрыя рашылася на дзеянні. Як добра, што над кожным начальнікам ёсць іншы начальнік! На рэканструкцыю маста быў вылучаны мільярд рублёў.
14. У ноч на 22 лістапада забілі настаяцеля храма Праабражэння Гасподня у Смалянах айца Аляксандра Марозава. Святар быў адкрыты да розных прапаноў, удзельнічаў у правядзенні мастацкага пленэру у Смалянах, дапамагаў валанцёрам, якія даследвалі гісторыю вёскі і былога каталіцкага кляштара дамініканаў. Дарэчы, менавіта яго заслуга, што кляштар не быў цалкам зруйнаваны, бо ён першым паведаміў пра спробы ўладаў знішчыць мураваны помнік гісторыі і культуры XVII ст. Высветлілася, што святар бясплатна дазволіў жыць у сабе двум маладым людзям без пэўнага месца жыхарства і без працы, якім патрабавалася матэр'яльная дапамога. 22 лістапада мужчыны былі ў моцным алкагольным ап'яненні, магчыма, з-за гэтага паміж бамжамі і святаром узнік канфлікт, у выніку якога айцу Аляксандру Марозаву былі нанесеныя ўдары нажом, ад якіх ён і памёр. Пазней аднаго з забойцаў затрымалі, бамжом ён ня быў.
15.Нарэшце, адкрыўся Лядовы палац. Пакуль у ім праблемы з наборам персаналу, з ім звязаныя фразы пра стварэнне хакейнага клуба. Будавалі гора-палац пяць гадоў.