14-га траўня футбольны клуб "Орша" адправіўся ў пасёлак Кастрычніцкі Смалявіцкага раёна на матч са "Смалявічамі-СТІ". Матч 5-га туру 1-й лігі чэмпіянату Беларусі складваўся для "Оршы" не так проста, "Смалявічы" валодалі ініцыятывай і стварылі больш момантаў за гасцей, хаця і не сказаць, што перавага гаспадароў была ярка выражанай. Ужо на 4-й хвіліне смалявічцы стварылі першы небяспечны момант, калі мяч пасля розыгрышу вуглавога "асеў" на крыжавіну аршанскай брамы. праз некалькі хвілін пашкоджанне атрымаў брамнік "сіня-белых" і экс-брамнік "Смалявічаў" Вячаслаў Камінскі, які неўзабаве пасля гэтага памыліўся і толькі цуд уратаваў аршанцаў ад прапушчанага голу. Першы ўдар па браме гаспадароў "Орша" нанесла толькі пасля 25 хвілін гульні - Сяргей Гігевіч прабіў крыху вышэй за папярэчыну.
На 31-й хвіліне пашкоджанне атрымаў цэнтральны абаронца "Оршы" і капітан клуба Дзмітрый Вусачоў. Працягнуць сустрэчу ён не здолеў і яго замяніў Максім Грачыха. У канцы тайму "Смалявічам" зноў удалося стварыць напружанне ля чужой брамы - спачатку з развароту форвард гаспадароў прабіў вышэй за браму, а праз пару хвілін аршанскія абаронцы сталі на шляху мяча. З лікам 0:0 каманды сышлі ў распранальні.
У пачатку другой паловы сустрэчы брамнік "Оршы" Камінскі зноў апынуўся на траве. На шчасце, аказаная дапамога дазволіла Вячаславу гуляць далей. Аднак без следу перабыванне на траўніку не прайшло, бо ўжо на 57-й хвіліне Камінскі не здолеў уратаваць каманду пасля ўдару ў бліжні вугал, які ў побыце заўзятараў яшчэ называецца "вуглом брамніка" - так Богуш адкрыў лік, 1:0 на карысць "Смалявічаў".
Дзіўна, але пасля прапушчанага голу аршанцы не сталі гуляць у атацы больш актыўна. Некалькі разоў атакуючыя футбалісты каманды падалі ў сутыкненнях з супернікамі, але арбітр справядліва маўчаў, не бачачы парушэнняў. Затым каманды абмяняліся моцнымі, але крыху недакладнымі ўдарамі, а потым аршанцы мелі магчымасць зраўняць лік. Пасля ўдару галавой аршанскага нападніка брамнік "Смалявічаў", як падалося, выбіў мяч рукой ужо з-за лініі, аднак баковы і галоўны суддзі палічылі, што голу не было. Наступіла пэўнае расчараванне, а на 85-й забілі ўжо "Смалявічы" - Ханкевіч замкнуў прастрэл партнёраў - 2:0. Усё?
Іншыя каманды б спыніліся і спакойна дагулялі сустрэчу, але не "Орша"! "Ільняныя" пайшлі ў атаку так настойліва, што заставалася толькі шкадаваць, чаму ж яны не гулялі так раней?! Літаральна праз хвіліну пасля другога галявога поспеху смалявічцаў аршанцы ідуць па правым флангу, следуе навес у штрафную, дзе Аляксей Хадневіч на поўнай хуткасці галавой уганяе мяч у сетку - 2:1!
На 89-й хвіліне гулец "Смалявічаў" Артур Кац парушае правілы супраць аршанца і атрымлівае другую жоўтую картку - выдаленне з поля. "Орша" працягвае наступ, і ў кампенсаваны час гаспадары ў адчаі парушаюць правілы ў сваёй штрафной, арбітр з Гомеля Міхаіл Лаўскі паказвае на "кропку" - пенальці на 90+4 хвіліне. Да 11-метровай пазнакі падыходзіць Аляксей Хадневіч, які, дарэчы, летась гуляў якраз за "Смалявічы" і нават забіў адзін гол аршанцам. Удар - і 2:2! "Орша" неверагодным чынам ратуецца ад пройгрышу і зноў гуляе ўнічыю!
Састаў "Оршы" ў матчы: 1. Камінскі, 23. Вусачоў (к) (15. Грачыха, 31), 17. Пракопчык, 20. Лебедзеў, 8. Магаль, 2. Шыбека, 11. Знак (5. Жданок, 53), 6. Гігевіч (7. Данілкоў, 90+4), 13. Мараў, 19. Чарнуха (22. Зямко, 74), 9. Хадневіч.
У запасе засталіся: 12. Гудзенка, 3. Суздальцаў, 25. Галоўчык.
Іншыя суботнія вынікі: Зорка - Дняпро - 0:2, Ліда - Хімік - 2:1, Слонім - Прамень - 2:2, Ашмяны - Тарпеда - 0:1. У нядзелю, 15-га траўня пройдуць два астатнія матчы, "Смаргонь" прыме лідэра чэмпіянату ГЧТ, а "Гомель" сустрэнецца з "Баранавічамі". У выпадку пройгрышу абодвух гомельскіх клубаў "Орша" апусціцца ў другую палову турнірнай табліцы, а пакуль наша каманду рыхтык замыкае першую палову, займаючы 7-е месца сярод 14 каманд.