Галоўныя трэнеры "Смалявічаў" і "Оршы", а таксама брамнік "Оршы" далі інтэрв'ю пасля гульні. Спачатку пра матч распавёў галоўны трэнер "Смалявічаў" Віталь Рагожкін:
Першы тайм быў адным з лепшых у выкананні нашай каманды ў гэтым сезоне. Нашы маладыя хлопцы атрымалі добры ўрок, што гульня працягваецца ўсе 90 хвілін і кампенсаваны час. Нашы памылкі прывялі да таго, што пры нашай паўнейшай перавазе і ліку 2:0 мы не здолелі ўтрымаць перамогу. Так атрымалася. Мы рыхтаваліся да гульні, зыходзячы з таго, што аршанцы будуць дзейнічаць другім нумарам. Але кепскае заканчэнне змазала ўсю гульню. Няўдалыя замены таксама паўплывалі.
Галоўны трэнер "Оршы" Юрый Канаплёў:
Калі каротка гаварыць пра матч, то ён складваўся для нас няўдала. Большую частку першага тайму мы правалілі. Саступілі ў агрэсіі, нахабстве. Можа дарога адбілася, спякота. У другім тайме крыху разагналіся, стала больш атрымлівацца. Я ўжо чатыры месяцы працую з камандай і бачу, што ў яе з'яўляецца нейкі характар, дзесьці ў тактыцы мы яшчэ не згуляліся, таму ў некаторых гульнях даводзіцца "выязджаць" на характары, на стандартах. Са "Смалявічамі" гулялі ад абароны, гэта і лагічна. Для атакуючай гульні патрэбная іншая камплектацыя. А ў нас іншая гісторыя, некаторыя гульцы прыйшлі ў "Оршу" ў апошнія дні заяўкі перад чэмпіянатам, за месяц нерэальна зрабіць каманду атакуючага стылю. Вядома, што і заўзятарам падабаецца такая гульня, і мне самому, але на пабудову атакуючага стылю трэба час. Аляксей Хадневіч чалавек-гол? Так, дзеля гэтага я і запрашаў Аляксея ў каманду. Дзесьці хацелася б большага ад яго, але сёння ён выратаваў "Оршу".
Таксама свой каментар пра паядынак даў і брамнік "Оршы" Вячаслаў Камінскі:
У першым тайме мы валодалі ініцыятывай, маглі забіць, і ў Лёшы Хадневіча была выдатная магчымасць забіць, абедзьве каманды мелі шанцы. У другім тайме прапусцілі хуткі гол. Крыху расслабіліся. Прапусцілі другі гол, але потым вырашылі паказаць свой характар, і гэта ўдалося. Матч не быў настолькі прынцыповым для мяне, усё-ткі ў "Смалявічах" цяпер зусім іншая каманда, са старога калектыву засталіся пару чалавек. А мне хацелася выйграць і даказаць, што "Орша" крыху мацнейшая за суперніка. Як зарабіў пенальці? Трэнеры крычалі: "не трэба", а я паглядзеў на табло, ідзе 90-я хвіліна, я высокі, чаму б не пабегчы пазмагацца? Магаль кінуў аўт, я закрануў мяч, а той трапіў Ханкевічу ў руку, вось і пенальці. Па такой гульні я задаволены вынікам — праявілі байцоўскія якасці.