“Тарпеда” – адзін з найстарэйшых клубаў Беларусі, заснаваны яшчэ ў 1947 годзе. “Орша” заснавана ў 1951 і ўваходзіць у пяцёрку самых старых клубаў нашай краіны. Аршанцы і менчукі маюць вялікую гісторыю супрацьстаянняў, аднак большасць гэтых матчаў адбылася яшчэ да набыцця Беларуссю незалежнасці. Аршанскі “Старт” і менскае “Тарпеда” былі супернікамі па чэмпіянаце БССР. У 2004-м годзе ў сталічнага калектыва, які пастаянна гуляў у вышэйшай лізе, пачаліся фінансавыя праблемы, а праз год ён прыпыніў сваё існаванне. Толькі фінансавая і арганізацыйная дапамога ўласных фанатаў паспрыяла адраджэнню вядомага клуба завода МАЗ.
У міжсезонні “Тарпеда” ўпершыню за апошнія дзесяць гадоў атрымала сур’ёзную спонсарскую дапамогу. Не, не ад завода МАЗ, які сам перажывае вельмі цяжкія часы і ў свой час менавіта з-за эканамічнага крызісу ў краіне адмовіўся ад каманды. Фундатарам “Тарпеда” стала расейская кампанія “Мірком”. Цікава адзначыць, што “Тарпеда” шмат гадоў прытрымліваецца беларускай мовы — ўсе афіцыйныя рэсурсы клуба працуюць на ёй, на роднай мове падпісаныя і прозвішчы на форме футбалістаў.
У незалежнай Беларусі “Орша” і “Тарпеда” сустракаліся двойчы, і абодва разы ў Кубку Беларусі. Гэта было на пачатку 90-х гадоў, абодва матчы праходзілі на стадыі 1/16 фіналу турніру на аршанскім стадыёне “Лакаматыў” і абедзьве прынеслі поспех тарпедаўцам з лікам 3:1. І вось цяпер каманды сустрэнуцца паміж сабой упершыню за 22 гады.
Матч “Орша” – “Тарпеда” адбудзецца 21-га траўня а 16:00 на Гарадскім стадыёне Оршы. Сайт Orsha.eu правядзе тэкставую трансляцыю сустрэчы.