У 1/32 фіналу Кубка Беларусі футбольны клуб "Орша" натрапіў на ЮАС з Жыткавічаў. У Жыткавічах даўно не было каманды, якая б выступала ў адной з трох ліг на рэспубліканскім узроўні. Летась кампанія "ЮА-Строй" вырашыла спрычыніцца да стварэння такога клуба і ў выніку калектыў заявіўся на 2-ю лігу. Сёлета ЮАС таксама выступае там. Да фаварытаў яго не прылічыць і, безумоўна, "Орша", што выступае на дывізіён вышэй за суперніка, будзе лічыцца яўным фаварытам сустрэчы. Стадыя 1/32 фіналу складаецца з аднаго матчу, а таму прайграўшы адразу выбывае з далейшае барацьбы за Кубак краіны. Раней "Орша" і ЮАС ніколі не сустракаліся. Матч адбудзецца ў Жыткавічах 11 чэрвеня.
Акрамя таго, у Кубку Беларусі прымуць удзел і "Горкі", якія ў 1/32 фіналу сустрэнуцца з пінскім клубам "Хваля" з 2-й лігі. "Горкі" ўжо не першы год з'яўляюцца адной з наймацнейшых камандаў чэмпіянату Магілёўскай вобласці, аднак грошай заявіцца ў 2-ю лігу ў клуба не хапае. Матч "Горкі" - "Хваля" пройдзе таксама 11 чэрвеня, яго прымуць Горкі.